Праект на стадыі эскіза: рэстаўрацыя дома Караткевіча ў Оршы зацягнулася

orsha.eu
orsha.eu

Восенню 2018 года бізнесмен Андрэй Балабін купіў у Оршы ўчастак з домам, у якім жыў Уладзімір Караткевіч. Уладальнік "5 элемента" заявіў, што хоча зрабіць з набытку дом-музей беларускага пісьменніка. Аднак з моманту куплі на ўчастку так і не пачаліся работы. Няўжо праект замарозілі? Еўрарадыё вырашыла даведацца гэта ў самога Андрэя Балабіна.

Ад праекта ніхто не адмовіўся, расказвае нам бізнесмен, аднак падчас яго рэалізацыі і праўда паўсталі пытанні.

    

 

Проект на стадии эскиза: реставрация дома Короткевича в Орше затянулась

 

"Узвесці будынак — гэта адзін кавалак працы, а вось перарабіць будынак так, каб з яго атрымалася экспазіцыя, — гэта ўжо зусім іншы кавалак працы. Гэтым павінны займацца прафесіяналы-музейшчыкі, таму я цяпер спрабую прыцягнуць Мінкульт да гэтага пытання". 

 

У пачатку гэтага года Андрэй Балабін дакупіў яшчэ і суседні ўчастак. Таму што ўчастак з домам Караткевіча занадта маленькі для патрэб музея.

"Зараз ідзе стадыя эскіза — ужо зразумелыя аб'ёмы работ. Дом не будзе перабудоўвацца, ён будзе рэстаўравацца. Дом — гэта той артэфакт, у якім правёў час Караткевіч. Засталіся рэчы, да якіх дакранаўся Караткевіч. Частка іх знаходзіцца ў Рагачове, частка — у Мінску. Вось мы спрабуем сабраць гэта ўсё разам. Задача — акунуць наведвальніка ў час жыцця Караткевіча".

Раней бізнесмен казаў, што тэрмін рэалізацыі праекта — да лістапада 2020 года. Аднак пасля куплі другога ўчастка адкрыццё музея, магчыма, прыйдзецца перанесці.

"Тады гэта быў адзін праект: з адным участкам. Цяпер вымалёўваецца зусім іншы праект. Я не хацеў бы, каб гэта было як у савецкі час: здаць да 7 лістапада ці да 1 траўня. Калі будзем бачыць, што паспяваем, то паспяваем. Калі нешта не паспяваем, то спяшацца мы дакладна не будзем дзеля нейкіх дат. Я лічу, гэта не зусім правільна".

Але работы, па словах Балабіна, усё-ткі вядуцца: на другім участку, напрыклад, ужо знесены дом і расчышчана тэрыторыя.

Дом, у якім пісьменнік жыў у школьныя гады і падчас працы ў аршанскай школе, знаходзіцца ў цэнтры Оршы на вуліцы Караткевіча (раней — вуліца Касманаўтаў). Менавіта тут Уладзімір Караткевіч напісаў першы варыянт знакамітай аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха".

Да 2015 года ў доме жыў Юрый Барабаш — муж Раісы, пляменніцы пісьменніка. Пасля яго смерці дом па спадчыне дастаўся дачцэ, якая жыве ў Адэсе. Спачатку яна здавала дом у арэнду, а мінулым летам выставіла яго на продаж.


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі