Праграма атрымання вышэйшай адукацыі імя Каліноўскага трансфармаваная

Праграма атрымання вышэйшай адукацыі імя Каліноўскага трансфармаваная

Праграму атрымання вышэйшай адукацыі імя Кастуся Каліноўскага для беларусаў у Польшчы трансфармавалі ў праграму стажыровак. Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць" Іна Кулей. Паводле яе слоў, з новага навучальнага года даецца старт рэалізацыі Стыпендыяльнай праграмы ўрада Рэспублікі Польшча імя Каліноўскага — II.

Адзначаецца, што новая праграма разлічаная на беларускіх грамадзян з магістарскай ступенню ў галіне сацыяльных, гуманітарных навук, эканомікі і права. Яна з'яўляецца працягам і развіццём стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, заснаванай у сакавіку 2006 года.

Кулей зазначыла, што "ўдзельнічаць у праграме могуць людзі, якія ў стане прадэманстраваць навуковыя дасягненні і актыўнасць у сацыяльных, грамадскіх арганізацыях, звязаных з трансфармацыяй грамадства — палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай". Узрост кандыдатаў (акрамя выключных выпадкаў) — да 39 гадоў.

Кулей падкрэсліла, што гаворка ідзе пра магчымасць індывідуальных акадэмічных стажыровак на аснове праектаў, прадстаўленых у рамках заяўкі кандыдатаў. Кожны з адабраных кандыдатаў зможа атрымліваць стыпендыю на працягу 10 месяцаў (у верасні-чэрвені). Памер стыпендыі складае 2400 злотых (прыкладна 608 долараў) штомесяц. У гэтую суму ўключанае пражыванне, харчаванне і страхаванне.

Польскі ўрад лічыць, што колькасць рэпрэсаваных у Беларусі зменшылася, таму для таго, каб стаць удзельнікам праграмы Каліноўскага-II, неабавязкова быць рэпрэсаваным, сказала Кулей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі