Пракурор хоча адправіць Марын Ле Пэн у турму (і забараніць балатавацца)
Марын Ле Пен
Парыжскі пракурор запатрабаваў асудзіць лідарку крайне правых французскіх сіл Марын Ле Пен да пяці гадоў турэмнага зняволення. Ле Пэн абвінавачваюць у незаконным фінансаванні партыі. Яшчэ адно патрабаванне пракурора — забараніць палітыку займаць палітычныя пасады.
Калі суд пагодзіцца з патрабаваннямі пракурора, гэта пазбавіць Ле Пэн магчымасці балатавацца на пасаду прэзідэнта ў 2027 годзе.
Яе і яшчэ больш за 20 іншых высокапастаўленых членаў партыі абвінавачваюць у тым, што яны наймалі памочнікамі еўрапейскіх парламентарыяў членаў сваёй партыі. Але па дадзеных абвінавачвання, нанятыя памочнікі рэдка бывалі ў парламенце ЕС, не гралі ў яго працы прыкметнай ролі, а выконвалі партыйныя задачы. Плаціў жа за гэта Еўрапарламент.
Ле Пен сцвярджае, што парламенцкія памочнікі натуральным чынам ўцягнутыя ў палітыку, паколькі менавіта гэта першапачаткова прыцягнула іх да такой працы.
Ле Пен адмаўляе абвінавачванні. Яна назвала запытаны прысуд "абуральным" і абвінаваціла пракурора ў спробе разбурыць яе партыю.
"Я думаю, што мэта абвінавачвання-пазбавіць французаў магчымасці галасаваць за тых, за каго яны хочуць", — заявіла яна пасля слуханняў у Парыжы.
На апошніх прэзідэнцкіх выбарах 2022 года Ле Пен пацярпела паразу ад Эмануэля Макрона. Дзеючы прэзідэнт перамог, набраўшы 58,55% галасоў. За Ле Пен прагаласавалі 41,45% французаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.