Пратасевіч заявіў пра сувязь Ціханоўскай з фігурантамі справы "аб захопе ўлады"

Раман Пратасевіч / Reuters
Раман Пратасевіч / Reuters

Былы рэдактар Telegram-канала NEXTA Раман Пратасевіч заявіў пра сувязь штаба Святланы Ціханоўскай з фігурантамі справы аб "змове з мэтай захопу ўлады". Сёння Пратасевіча выклікалі ў суд у якасці сведкі. Паводле яго словаў, ён даведаўся пра існаванне варыянта сілавога звяржэння ўлады ў Беларусі ад Дзмітрыя Шчыгельскага. Шчыгельскі ж запрасіў Пратасевіча для ўдзелу ў зум-канферэнцыі.

Паводле словаў Пратасевіча, Шчыгельскі быў перадаткавым звяном паміж змоўшчыкамі і штабам Святланы Ціханоўскай, паведамляе Sputnik Беларусь.

"Калі штаб Ціханоўскай збіраецца ўдзельнічаць у сцэнары перавароту, то павінен знайсці фінансаванне. У першую чаргу — для вайскоўцаў-удзельнікаў змовы", — заявіў у судзе Пратасевіч. Паводле яго словаў, нават планавалася сустрэча Ціханоўскай і змоўшчыкаў. Яна павінна была прайсці ў Маскве, Стамбуле ці іншым горадзе Еўропы.

Пры гэтым Пратасевіч адзначыў, што роля Ціханоўскай "дэталёва не абмяркоўвалася", але "яна павінна была быць асобай, якой бы далі прысягу вайскоўцы". Ён таксама расказаў, што спрабаваў дамовіцца пра фінансаванне з кіраўніком фонду BYSOL Андрэем Стрыжаком. "Але ён сказаў, што такія вялікія грошы знайсці не атрымаецца. Сказаў, што толькі можа дапамагчы з эвакуацыяй сем'яў вайскоўцаў", — заявіў Пратасевіч.

Паводле яго словаў, і Юрый Зянковіч, і Дзмітрый Шчыгельскі былі перакананыя: ніякіх іншых спосабаў змяніць уладу няма, маршы і хаджэнні ўжо не працуюць. "І яны бачылі адзіны варыянт здзяйснення ўлады — сілавы, з удзелам вайскоўцаў", — сказаў Пратасевіч.

Ён таксама расказаў, што ведаў пра палітычныя амбіцыі Юрыя Зянковіча. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года той хацеў вылучацца кандыдатам ад партыі БНФ, але саступіў на партыйных праймерыз Рыгору Кастусёву.

Суд па справе аб "змове з мэтай захопу ўлады" пачаўся ў канцы ліпеня. На працэсе прысутнічаюць пяць фігурантаў: лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў, літаратуразнаўца і паліттэхнолаг Аляксандр Фядута, юрыст з ЗША Юрый Зянковіч, былая супрацоўніца яго мінскай фірмы Вольга Галубовіч і актывіст Дзяніс Краўчук. Зянковіч, Фядута і Кастусёў абвінавачваюцца ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" (ч.1 арт. 357 КК), а Галубовіч і Краўчук — толькі ў "грубым парушэнні грамадскага парадку" (ч. 1 арт. 342 КК).

Акрамя гэтага, Зянковічу інкрымінаванае "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем" (ч. 1 арт. 361-1 КК), "заклікі да захопу дзяржаўнай улады" (ч. 3 арт. 361 КК), "распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы, здзейсненае групай асобаў" (ч. 3 арт. 130 КК).

Раман Пратасевіч — былы рэдактар Telegram-канала NEXTA. Яго затрымалі пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair Афіны-Вільнюс у траўні 20221 года. Ён пачаў супрацоўнічаць з уладамі і быў пераведзены пад хатні арышт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі