Пратэсты ў Францыі: затрымана больш за 170 чалавек, каля 150 паліцэйскіх ранена
Францыя пратэстуе супраць пенсійнай рэформы / Reuters
Французская паліцыя прымяніла ўчора слезацечны газ і ўступіла ў сутыкненне з дэманстрантамі ў Парыжы і ва ўсёй Францыі, піша Reuters. Падставай для народных хваляванняў зрабіўся план прэзідэнт Эмануэля Макрона павысіць пенсійны ўзрост на два гады да 64 гадоў.
Пратэсты ў Францыі працягваюцца ўжо больш за тыдзень і носяць, паводле ацэнкі Reuters, у асноўным мірны характар. Але ўчора на вуліцы былі і групы анархістаў "Чорнага блока", яны білі вітрыны крамаў, знеслі вулічную мэблю і разрабавалі рэстаран McDonald's. Паліцыя спрабавала адціснуць анархістаў, выкарыстала слезацечны газ і светлашумавыя гранаты. Сутыкненні з паліцыяй былі і ў іншых гарадах. У горадзе Бардо падпалілі ўваход у ратушу.
Міністр унутраных спраў Францыі Джэральд Дарманін заявіў, што затрыманыя 172 чалавекі. Дзясяткі пратэстоўцаў, а таксама 149 паліцэйскіх атрымалі раненні. Паводле звестак французскага МУС, у пратэстах у чацвер паўдзельнічала больш за мільён чалавек, у тым ліку 119 000 у сталіцы. Гэта рэкорд з пачатку выступаў, якія пачаліся ў студзені.
Французскія прафсаюзы асцерагаюцца, што пратэсты могуць зрабіцца больш жорсткімі, калі ўрад не прыслухаецца да патрабаванняў людзей. Прафсаюзы заклікалі да новых агульнанацыянальных страйкаў і пратэстаў 28 сакавіка. У гэты дзень кароль Вялікабрытаніі Чарльз павінен выправіцца з Парыжа ў Бардо на цягніку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.