Праваабаронца: меры ў Мінску былі аналагічныя ваеннаму становішчу
Меры, прынятыя ўладамі ў Мінску, аналагічныя ўвядзенню ваеннага становішча. Пра гэта намеснік старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна" (закрытага ўладамі) Валянцін Стэфановіч заявіў на прэс-канфэрэнцыі 10 жніўня.
Ён адзначыў, што да затрыманняў, якія адбыліся 9 жніўня і ўначы 10-га беларускія ўлады рыхтаваліся загадзя.
"У сутнасці, у Мінску перад выбарамі ўвялі захады, аналагічныя ваеннаму становішчу. У горад былі ўведзеныя ўнутраныя войскі, міліцыя, горад заблакавалі. Візіты Аляксандра Лукашэнкі ў вайсковыя часці, папярэджанні пра тое, што войска можа быць выкарыстанае для аднаўлення парадку — усё гэта сведчыць, што ўлады чакалі ўсплёску незадавальнення, выкліканага вынікамі выбараў", — перадае Радыё "Свабода" словы праваабаронцы.
Разгон акцыяў пратэсту ў Мінску, як зазначыў Стэфановіч, скончыўся "абсалютна непрапарцыйным і жорсткім гвалтам". Ён звярнуў увагу, што гэтым разам беларускія ўлады скарысталі спецсродкі, якія раней ніколі не ўжывалі: гумавыя кулі, вадамёты, святлашумавыя гранаты. Пры гэтым пацярпела шмат людзей, якіх даставілі прынамсі ў тры шпіталі, у тым ліку ў вайсковы.
"Усю адказнасць за тое, што ўчора адбылося, мы ўскладаем непасрэдна на ўлады Беларусі. Бо ўлады павінны садзейнічаць правядзенню мірных сходаў. Людзі выйшлі таму, што былі нязгодныя з вынікамі выбараў, якія не адпавядалі нават мінімальным стандартам", — заявіў Стэфановіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.