Праваабаронцы: Сітуацыя з правамі чалавека ў Еўропе змяняецца да горшага

Праваабаронцы: Сітуацыя з правамі чалавека ў Еўропе змяняецца да горшага

4 ліпеня, напярэдадні сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, у Мінску праходзіць вялікі форум праваабаронцаў. Яго ўдзельнікі канстатуюць пагаршэнне з правамі чалавека ў Еўропе. Па словах кіраўніка Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека Юрыя Джыбладзэ, еўрапейскія дзяржавы сканцэнтраваліся на ўласнай бяспецы, для якой захаванне правоў чалавека часам выглядаюць перашкодай.

"Дзяржавы, урады, палітыкі і нават міжнародныя арганізацыі ўсё часцей ідуць на кампрамісы не на карысць прынцыпаў правоў чалавека і вяршэнства права — фундаментальных прынцыпаў АБСЕ. Асабліва апошнія тры гады, калі пачалася крывавая вайна на ўсходзе Украіны, магчымасці АБСЕ займацца правамі чалавека яшчэ больш ускладніліся, бо ўся ўвага накіроўваецца на пытанні вайсковай, ці, як яе называюць, цвёрдай бяспекі", — сцвярджае Юрый Джыбладзэ.

Па словах праваабаронцы, дэмакратычныя краіны ўсё часцей абгрунтоўваюць аслабленне сваёй пазіцыі па правах чалавека менавіта меркаваннямі бяспекі. "І гэта не толькі вайна ў цэнтры Еўропы, але і пагроза тэрарызму, — дадае Джыбладзэ. — Так, яна выкарыстоўваецца не толькі ў постсавецкіх краінах, але і ў краінах Заходняй Еўропы. А за апошнія два гады да гэтага дадаўся крызіс міграцыі. Агулам гэта прывяло да аслаблення пазіцыі шмат якіх дзяржаў і, на жаль, міжнародных арганізацый".

У гэтых умовах узрастае роля грамадзянскай супольнасці, якая можа даваць незалежныя і канкрэтныя рэкамендацыі па захаванні правоў чалавека. "Менавіта таму грамадзянская супольнасць апошнім часам робіцца аб'ектам адмысловага ціску і адмысловага пераследу, — падсумоўвае Юрый Джыбладзэ. — За апошнія гады сфарміравалася новае азначэнне: звужэнне прасторы для грамадзянскай супольнасці. Гэта ціск на актывістаў і няўрадавыя арганізацыі з дапамогай законаў, што абмяжоўваюць іх дзейнасць, выкарыстанне самых розных спосабаў пераследу, уключна з палітычна матываванымі судовымі працэсамі, абмежаванне свабоды слова, свабоды мірных сходаў, свабоды аб'яднанняў. Мы знаходзімся ў сітуацыі, калі на нас аказваецца велізарны ціск".

Паралельны форум грамадзянскай супольнасці "Шэсць гадоў пасля дакладу аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ: што змянілася?" праходзіць у Мінску 4 ліпеня, напярэдадні 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Ён сабраў праваабаронцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Арменіі, ЗША, Францыі, Нарвегіі і іншых еўрапейскіх краінаў, Апошні раз падобны форум праваабаронцаў адбываўся ў Беларусі ў 2004 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі