Праваабаронцы заклікаюць міжнародную супольнасць да салідарнай пазіцыі
Паведамляе Радыё Свабода.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" заклікала ўрады еўрапейскіх дзяржаў прыйсці да агульнай пазіцыі ў адносінах да Беларусі, дзе душацца апошнія інфармацыйныя выспы.
У адмысловай заяве гаворыцца, што беларускія ўлады працягваюць ціск на журналістаў ператрусамі, допытамі і арыштамі. У сваю чаргу, адвакатам, якія абараняюць прадстаўнікоў незалежных СМІ, пагражаюць фактычным адлучэннем ад прафесіі.
Аўтары падкрэсліваюць, што ініцыятарам маштабных аперацый супраць мас-медыяў выступае Камітэт дзяржбяспекі, які выконвае ролю "палітычнай паліцыі".
Праваабаронцы перакананыя, што дзеля вызвалення затрыманых і абвінавачаных у "арганізацыі масавых беспарадкаў" журналістаў, а таксама экс-кандыдатаў у прэзідэнты і дэмакратычных актывістаў неабходна задзейнічаць усе дыпламатычныя сродкі. Толькі супольнымі захадамі можна прымусіць улады Беларусі спыніць хвалю рэпрэсіяў.