“Правал асфальту” ў цэнтры Мінска здарыўся не з-за будаўніцтва метро
2 лістапада ў цэнтры Мінска ля скрыжавання вуліцы Клары Цэткін і Маскоўскай здарылася аварыя. Дзве паласы праезнай часткі былі перакрытыя, утварыліся жахлівыя заторы. Знерваваныя аўтааматары бачылі такую карціну: асфальт правалены, рабочыя спускаюцца досыць глыбока пад зямлю. З’явіліся дадумкі, што дарога дала шчыліну з-за будаўніцтва метрапалітэну, якое вядзецца зусім непадалёк.
“Насамрэч блізу чатырох раніцы там здарыўся прарыў вадаправоду. Месца агарадзілі сумесна з Рэмаўтадарам і ДАІ”, — праясняе сітуацыю Сяргей Бяльковіч, галоўны інжынер “Рэмаўтадару Маскоўскага раёну Мінска”.
Начальнік дыспетчарскай службы вадаправоду “Мінскводаканалу” Мікалай Няхайчык кажа, што без зняцця дарожнага палатна дакапацца да пашкоджанай трубы было немагчыма.
Няхайчык: “Апынулася, што там проста прадольная шчыліна. Для вадаправоду гэта шараговая сітуацыя”.
Дарэчы, у будынках, якія залежалі ў тым ліку ад пашкоджанай трубы, вада пасля аварыі не адключалася.