Праверка чутак: для крэдыту на бізнес банкі правяраюць "добранадзейнасць"?

Прызналіся ў "адміністрацыйцы" і паспрабавалі высветліць, ці свеціць нам крэдыт на развіццё бізнесу / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Прызналіся ў "адміністрацыйцы" і паспрабавалі высветліць, ці свеціць нам крэдыт на развіццё бізнесу / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Мы папрасілі банкі даць нам грошай на аграсядзібу і кавярню. "Пакаяліся" ў адміністрацыйным правапарушэнні і паспрабавалі высветліць, ці паўплывае наш бэкграўнд на рашэнне банка.

Раней "Наша Ніва" са спасылкай на ўласныя крыніцы пісала, што ў некаторых банках да супрацоўнікаў нібыта прыкамандзіраваныя супрацоўнікі спецслужбаў. Сярод іншага яны ацэньваюць лаяльнасць заснавальнікаў бізнесу, калі ад іх паступае прашэнне аб крэдыце.
 

Кавярня пасля сутак

Паводле нашай легенды, пражыўшы год у Польшчы, сямейная пара вырашыла вярнуцца ў Мінск і адкрыць там кавярню. Але мы хацелі б загадзя ведаць, ці варта ладзіць гэтае маштабнае пачынанне, маючы ў анамнезе 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Проверка слуха: при выдаче кредита на бизнес банки проверяют “благонадёжность”?
Кава / pixabay

У трох банках нам не змаглі даць адказ на пытанне, ці паўплывае "адміністрацыйка" на рашэнне аб выдачы крэдыту.

Гэткае пытанне трэба абмяркоўваць з крэдытным менеджарам, любы зварот па крэдыце заўсёды разглядаецца ў індывідуальным парадку, — сказалі ў адным з банкаў.

— Проста сабраць паперы на крэдыт — велізарны кавалак працы, не хочацца ўвязвацца, калі ўсё вылеціць у трубу праз адміністрацыйку, — настойваў карэспандэнт Еўрарадыё.

Таму і патрэбная папярэдняя кансультацыя па ўсіх ключавых пытаннях. Дакладнае рашэнне загадзя ведаць немагчыма. Каб прыняць рашэнне, банку неабходна разгледзець дакументы.

Такі ж адказ мы атрымалі і ў іншым банку. Але ад мары адкрыць бізнес у Беларусі так проста не адмаўляюцца, і карэспандэнт Еўрарадыё вырашыў выпрабаваць шанец з крэдытам на аграбізнес. І зноў:

— Адназначны адказ даць не можам. Разгляд пытання аб прадастаўленні крэдыту адбываецца толькі пасля падачы поўнага пакета дакументаў. Да гэтага спецыяліст банка не зможа даць адказ.

Мы паставілі пытанне рубам: адміністрацыйка паўплывае на рашэнне банка даць нам грошай на аграсядзібу ці не?

Мы не падскажам гэтай інфармацыі, — адказалі ў банку і прапанавалі перадаць нашую заяўку менеджарам.
 

“Калі такое і практыкуюць, то гаворка ідзе пра банкі, якія яшчэ могуць праводзіць міжнародныя плацяжы”

Старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук не асабліва верыць, што банкі будуць адмаўляць у крэдытах усім “нелаяльным”. Бо банкам гэта папросту нявыгадна: у іх цяпер лішак ліквіднасці. Гэта значыць, яны будуць вельмі рады выдаць крэдыт надзейнаму плацежаздольнаму кліенту.

Але абмежаванне доступу да крэдытаў для "нядобранадзейных" беларусаў супярэчыць не толькі іх інтарэсам, але і зацікаўленасці ўрада ў эканамічнай актыўнасці.

А менавіта жаданне разагнаць эканамічную актыўнасць у гэтым годзе там зараз і дэкларуецца. Вялікая крэдытная актыўнасць —  адзін з рухавікоў эканамічнай актыўнасці. У Беларусі цяпер і так няшмат ахвотных узяць крэдыт.

Проверка слуха: при выдаче кредита на бизнес банки проверяют “благонадёжность”?

Крук прызнае: да яго таксама даходзілі чуткі пра тое, што бізнесы могуць сутыкнуцца з праверкамі на "лаяльнасць" пры падачы заяўкі на крэдыт. Але гэта тычыцца не ўсіх банкаў —  а толькі тых, у якіх яшчэ ёсць магчымасць праводзіць міжнародныя плацяжы.

Я падкрэслю: гэта толькі чуткі. Але такі падыход мяне б не здзівіў. Логіку — хай і ненармальную — у гэтым убачыць можна.

Цяпер доступ да міжнародных плацяжоў стаў больш складаны. І магчымасці тых нешматлікіх банкаў, якія яшчэ могуць іх забяспечваць, не бязмежныя. І гэтыя магчымасці могуць захацець пакінуць для таго бізнесу, які лічыцца больш вартым, для дзяржаўнага бізнесу.

Але сапраўды, любая падобная інтэрвенцыя парушае не толькі банкаўскую таямніцу, але і здаровы сэнс.
 

“Было б някепска расказаць пра такія факты контрагентам банкаў за мяжой”

Навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазаль кажа, што тэхнічна магчымасць улічваць судзімасць паводле "народнага артыкула" пры выдачы крэдыту ў банкаў ёсць.

Банк можа ўнесці змены ў методыку ацэнкі крэдытаздольнасці асобы, якая накіроўваецца непасрэдна менеджарам банкаў, якія працуюць з фізічнымі асобамі. Напрыклад, уключыць дадатковы пункт, ці прыцягвалася асоба да адказнасці па так званым "народным артыкуле" і зрабіць яго падставай для нявыдачы крэдыту.

Тэхнічна гэта зрабіць нескладана. З іншага боку, банкі пачнуць губляць кліентаў, а наколькі яны могуць гэта сабе сёння дазволіць — няхай вырашаюць самі.

Але сам па сабе факт цікавы, было б добра атрымаць прыклады такіх новых, "дапрацаваных" методык. І, напрыклад, накіраваць іх контрагентам такіх банкаў за мяжой.

У сённяшніх умовах гэта можа стаць падставай для спынення супрацоўніцтва заходніх банкаў з беларускімі банкаўскімі ўстановамі за саўдзел у палітычных рэпрэсіях.
 

“Выдатны спосаб манетызаваць подпіс”

А эканаміст Яраслаў Раманчук не здзівіўся б такой ідэі "генералаў і палкоўнікаў", у якіх няма бізнес-навыкаў, але з лішкам хапае лаяльнасці.

І пры дапамозе такога нярынкавага інструмента як "праверка на лаяльнасць" яны цалкам маглі б зніжаць колькасць людзей, якія маглі б разлічваць на крэдыты. Гэта несправядлівая канкурэнцыя, гэта дыскрымінацыя. Гэта спосаб "падагнаць грошы" іншым людзям.

Затое ў такой сітуацыі можна было б добра манетызаваць подпіс якой-небудзь арганізацыі, якая пацвярджае лаяльнасць.

Але што рабіць чалавеку, які "адумаўся" і вельмі хоча вярнуцца дадому і адкрыць кавярню?

Калі чалавек з'ехаў з краіны, вяртаецца і думае, што можа разлічваць на крэдыт у беларускім банку, ён ці то звар'яцеў, ці то захварэў на стакгольмскі сіндром, — бескампрамісна заяўляе Раманчук.

Але ці былі ў гісторыі Беларусі больш-менш паспяховыя прыклады такога "вяртання"?

Такіх рэпрэсій, якія былі ў Беларусі ў 2020 годзе, у нашай гісторыі яшчэ не было. Але Лукашэнка ўмее выкарыстоўваць ганарыстасць людзей для таго, каб прызначаць іх агентамі сваіх інтарэсаў. Частка з іх становіцца багатымі людзьмі, потым ім даюць у лоб, садзяць у турму і адбіраюць большую частку грошай. А потым зноў ставяць на патокі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі