Праз суд гродзенскія апазіцыянеры ва ўчастковыя камісіі не трапілі
Сёння ў Гродне суды Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў канчаткова адхілілі скаргі аб неўключэнні прадстаўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў склад участковых камісій.
Такое самае рашэнне сёння вынес суд у Астраўцы. У Астравецкім раёне ўтворана 38 участкаў для галасавання. У склад адпаведных камісій АГП вылучыла 25 сваіх прадстаўнікоў, але ніводны з іх туды не ўключаны.
Нагадаем, учора аналагічныя судовыя слуханні скончыліся безвынікова для сябраў БСДГ і Партыі БНФ. Апазіцыянеры настойваюць на паўторным паседжанні раённых адміністрацый і пераглядзе складу ўчастковых камісій. Адказы суддзяў быццам напісаны пад адну капірку: “скаргі неабгрунтаваныя”, “паседжанне адміністрацыі прайшло ў адпаведнасці з заканадаўствам”, “не менш за адну траціну складу камісіі сфармавана з прадстаўнікоў палітычных партый”.
У вобласці ва ўчастковых камісіях 44,6% месцаў сапраўды займаюць сябры партый і грамадскіх аб’яднанняў. З іх менш за адзін адсотак — прадстаўнікі партыі левых “Справядлівы свет”, АГП і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.