Прэм’ер Андрэй Кабякоў наведае Мінскую вобласць
Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 3 чэрвеня наведае Мінскую вобласць. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ўраду, яго рабочая паездка пачнецца з візіту на жодзінскую фабрыку “Світанак”. Тут кіраўнік кабінета міністраў даведаецца пра захады па стабілізацыі працы прадпрыемства і перспектывы яго развіцця.
Таксама Кабякоў азнаёміцца з ходам нарыхтоўкі і праграмай вытворчасці кармоў на 2016 год у дзяржаўным прадпрыемстве “ЖодзінаАграПлемЭліта” Смалявіцкага раёна. Апроч таго, кіраўнік ураду наведае Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па жывёлагадоўлі ў вёсцы Рассошнае. Там будуць разглядацца пытанні аб выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўраду па навуковым забеспячэнні развіцця жывёлагадоўлі краіны, а таксама аб працы па фармаванні сучаснай селекцыйна-племянной сістэмы новага тыпу ў свінагадоўлі.
У плане паездкі таксама наведванне аграгарадка Будагова Смалявіцкага раёна, дзе прэм’ер азнаёміцца з працай мясцовых жывёлагадоўчых прадпрыемстваў.