Прэм'ер Кабякоў у інтэрв'ю Reuters гаварыў пра адносіны з Расіяй і Захадам

Прэм'ер Кабякоў у інтэрв'ю Reuters гаварыў пра адносіны з Расіяй і Захадам

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў даў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву Reuters. У ім ён гаварыў пра адносіны нашай краіны з Расіяй і Захадам, пра перспектывы атрымання нашай краінай крэдыту МВФ, пра працу над дыверсіфікацыяй паставак нафты.

Як інфармуе прэс-служба Саўміна, Кабякоў адзначыў паляпшэнне адносінаў з Захадам, найперш эканамічных, такіх, якія былі "гадоў 7-8 таму". Ён лічыць, што Беларусь цікавая для заходніх партнёраў.

Прэм'ер спыніўся на энергетычных спрэчках з Расіяй, патлумачыў іх сутнасць. Праз тое, што ў расійскіх рэгіёнах, якія мяжуюць з нашай краінай, цана на газ у больш чым 2 разы ніжэйшая, чым у Беларусі, то беларускім таварам цяжка вытрымаць канкурэнцыю з расійскімі. Перамовы працягваюцца з лета 2015-га. У кастрычніку сёлета беларускі бок палічыў, што практычна ўсе пытанні вырашаныя, аднак пасля расіяне "змянілі сваю пазіцыю, гэта запатрабавала дадатковага раўнда перамоваў". Кабякоў спадзеяцца, што ў выніку кампраміс будзе дасягнуты. "Наша супрацоўніцтва павінна ўлічваць інтэграцыйны складнік. У адваротным выпадку, інтэграцыя проста не будзе працаваць", — заявіў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў распавёў пра спробы Беларусі дыверсіфікаваць пастаўкі нафты. "Заўсёды трэба мець магчымасць альтэрнатывы, каб мець магчымасць параўноўваць. Такой альтэрнатывай з'яўляецца азербайджанская нафта і не толькі", — сказаў прэм'ер. Паводле яго слоў, разглядаюцца і іншыя варыянты. І падштурхнулі Мінск да гэтага дзеянні расійскага ўраду.

Беларусі ўдасца выйсці на эканамічны рост у 2017 годзе, лічыць Кабякоў. Але толькі калі захаваюцца "стабілізацыйныя тэндэнцыі" ў краінах-асноўных гандлёва-эканамічных партнёрах нашай краіны, і калі захаваецца стабільная сітуацыя з інфляцыйна-дэвальвацыйнымі працэсамі ў беларускай эканоміцы.

Выказаўся Андрэй Кабякоў і наконт перспектывы атрымання Беларуссю крэдыта МВФ. Паводле яго слоў, ёсць мэта — пачаць гэтую праграму, але "не любым коштам".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі