Прэм'ер раскрытыкаваў падначаленых за "зрыў паказчыкаў"
Міхаіл Мясніковіч раскрытыкаваў дзяржорганы за неэфектыўную працу ў першым паўгоддзі 2013 года.
Пра гэта было заяўлена 6 жніўня на паседжанні Савета міністраў, паведамляе БЕЛТА.
Міністэрства прамысловасці ён раскрытыкаваў за падзенне экспарту і аб'ёмаў вытворчасці. Пры тым што расце дэбіторская і крэдыторская запазычанасць прадпрыемстваў. Міністэрства недастаткова эфектыўна вырашае праблемы разгрузкі складскіх запасаў. Не выконваюцца заданні па прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Прэм'ер-міністр прапанаваў прыняць кадравыя рашэнні.
Крытыка прагучала і на адрас канцэрнаў "Белнафтахім" і "Беллегпрам".
Больш эфектыўнай працы ўрад, па словах Мясніковіча, чакае і ад аграпрамысловага комплексу. За апошнія два з паловай гады ў АПК укладзена 5 мільярдаў долараў інвестыцый. Аднак належнай аддачы як па валавых, так і па паказчыках эфектыўнасці галіны няма.
Раскрытыкаваў кіраўнік урада і сітуацыю ў рэгіёнах. Па яго словах, праз невыкананне заданняў па росце валавага рэгіянальнага прадукта (ВРП) усімі рэгіёнамі краіны за першае паўгоддзе недаатрымана 20 трыльёнаў рублёў. Замест практычнага выпраўлення сітуацыі кіраўнікі абласцей звяртаюцца ва ўрад з просьбай вылучыць дадатковыя сродкі на рашэнне назапашаных праблем.
Фота — bymedia.net