Прэм’еру “Купалы” зноў перанеслі, каб лішні раз не дражніць Крэмль?

Прэм’еру “Купалы” зноў перанеслі, каб лішні раз не дражніць Крэмль?

Перадпрэм'ерны паказ гістарычнага блокбастара "Купала" зноў перанесены. Спачатку закрытая дэманстрацыя фільма была запланаваная на Дзень беларускага кіно, 17 снежня. Аднак праз праблемы са спецэфектамі яе перанеслі на тыдзень. Сёння 26 снежня, але “Купалу” на вялікім экране так ніхто і не паглядзеў.

Калі ўсё ж такі чакаць “Купалу”?

Прэм’еру “Купалы” зноў перанеслі, каб лішні раз не дражніць Крэмль?

“Думаю, што на святы не будзем гэта рабіць. Пэўна, у студзені [2020 года. — Еўрарадыё], недзе ў сярэдзіне месяца прадставім, калі народ адгуляе ўжо”, — расказвае Еўрарадыё рэжысёр фільма Уладзімір Янкоўскі.   

Па словах рэжысёра, камп’ютарная графіка да фільма ўжо гатовая. Цяперашні перанос звязаны выключна з сезонымі прычынамі. Што праўда, нам не зусім зразумела, як яны могуць паўплываць на закрыты перадпрэм’ерны паказ.

Гатоўнасць спецэфектаў — гэта толькі фармальная прычына для пераносу, сцвярджае беларускі рэжысёр і сцэнарыст Андрэй Курэйчык. Па яго інфармацыі, “Купалу” вырашылі не паказваць, пакуль будуць працягвацца перамовы паміж Беларуссю і Расіяй, бо з’яўленне фільма можа выклікаць непатрэбныя “антыінтэграцыйныя канатацыі”:

Прэм’еру “Купалы” зноў перанеслі, каб лішні раз не дражніць Крэмль?

“Увогуле кажучы, гэты фільм пра тое, як спачатку Расійская Імперыя, а пазней савецкая ўлада ўшчамлялі беларускую інтэлігенцыю. Беларускія пісьменнікі былі галоўнымі драйверамі незалежнасці нашай краіны. Гэта ў фільме вельмі праўдзіва паказваецца: там і антыімперскія дэманстрацыі, і рэпрэсіі”, — сцвярджае Курэйчык.

Курэйчык, які, дарэчы, іграе ў фільме эпізадычную ролю, паспеў азнаёміцца са зместам “Купалы” на розных стадыях гатоўнасці фільма. Стужку ён ацэньвае вельмі пазітыўна.  

“Калі праўда непрыемная, гэта не значыць, што яе не трэба паказваць. І на сённяшні дзень гэта адзіны фільм пра беларускае нацыянальнае адраджэнне. Ён паказвае праўду пра тое, што рабілі з нашай інтэлігенцыяй, нашай мовай і нашай літаратурай… Я лічу, што гэта выдатны фільм. Разумею, што гэта бомба — і ідэалагічная, і мастацкая. Таму не ўсе радыя яго з’яўленню на рынку”, — падсумоўвае Курэйчык.

У беларускі пракат "Купала" выйдзе ў другой палове 2020 года. Перад тым баёпік паездзіць па фестывалях. Гістарычная драма пра лёс народнага паэта Беларусі Янкі Купалы — адзін з галоўных праектаў кінастудыі "Беларусьфільм" за апошні час.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі