Прэйгерман: Будзем разбірацца, хто даслаў фэйкавыя запрашэнні на “Мінскі дыялог"
“Мінскі дыялог” на тэму “25 гадоў знешняй палітыцы Беларусі” — не фэйк, канферэнцыя сапраўды пройдзе 18-19 траўня ў сталіцы. Сярод запрошаных да ўдзелу ў канферэнцыі — цяперашні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і былыя міністры — Пётр Краўчанка, Уладзімір Сянько, Іван Антановіч, Міхаіл Хвастоў. Таксама ў мерапрыемстве возьмуць удзел дыпламаты з розных краін, палітолагі і эксперты.
Некалькі тыдняў таму запрашэнне на мерапрыемства з прапановай выступіць з дакладам атрымалі і лідары беларускай апазіцыі. Як высветлілася, запрашэнне гэтае было несапраўдным і дасылалася з “фэйкавага” адрасу, кажа кіраўнік экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Яўген Прэйгерман.
“Цікава, што запрашэнні адпраўляліся з “фэйкавага” адрасу, але людзей прасілі адправіць свой адказ на сапраўдны адрас “Мінскага дыялогу”. Людзі, да якіх такія запрашэнні прыйшлі, распавядаюць, што калі нехта аўтаматычна адказваў на гэты “фэйкавы” адрас, ім пісалі, каб яны ўсё ж адпісаліся на сапраўдны адрас, ці давалі нумар майго тэлефона”, — кажа Прэйгерман.
Усім палітыкам, якія атрымалі такія несапраўдныя запрашэнні да ўдзелу ў канферэнцыі, арганізатары даслалі ліст-абвяржэнне. Маўляў, гэта экспертнае мерапрыемства, і палітыкам на ім не месца.
Хто тыя запрашэнні рассылаў, арганізатары “Мінскага дыялогу” яшчэ будуць разбірацца. Не выключана, кажа Прэйгерман, што звернуцца з адпаведнай заявай у міліцыю. А мэты “хуліганаў”, на яго думку, відавочныя: сарваць дзейнасць гэтай “пляцоўкі, якая дазваляе на экспертным узроўні з удзелам прадстаўнікоў як беларускага МЗС, так і прадстаўнікоў незалежнай беларускай супольнасці размаўляць пра нешта, а не сядзець у акопах і адно аднаго закідваць”.