Прэзентацыя на Еўрарадыё: альбом “Paspality” ад гурта TerraKod

Брэсцкі фолк-метал гурт TerraKod прадстаўляе на Еўрарадыё дэбютны альбом “Paspality”. Пераможцы фестываляў Sound of Borderland і Men’s Fest ды ўдзельнікі Zahid, Basowiszcza, Bandersztat, Kupalskaje Kola сабралі ў дэбютнік лепшыя нумары з жывых выступаў.

“Падыход да стварэння альбома быў дастаткова простым і шчырым: мы ўзялі лепшае з жывых выступаў гурта, песні, пад якія публіка шалее максімальна, — распавядае вакалістка гурта Кася. — TerraKod працуе акцэнтавана на драйве, і мы вырашылі сабе не здраджваць. Проста павыкідалі ўсё лішняе — балады і лірычныя адхіленні. Па выніку — 100% фолк-метал. Без сопляў”.

Выхаду альбома папярэднічалі два “інтэрнацыянальныя” сінглы — "Myata" і "Rasa.by". Першы, беларуска-польскае прысвячэнне Эрнэсту Хэмінгуэю, стаў “візіткай” гурта на байк-фестывалях. Другі, пераасэнсаванне латышскай песні “Migla Migla Rasa Rasa”, быў выдадзены ў Беларусі і Латвіі адначасова і стаў падзеяй, якая вызначыла назву стылю гурта — “новая хваля беларускага фолк-метала”.

“У альбоме шмат лірыкі і поту жывых выступаў. Мы ў студыі перажылі па некалькі жыццяў — сваіх і гэтых песень, і спачатку шмат запарваліся на тэндэнцыйных парадах калямузычнай тусоўкі. А потым у адзін момант прыйшло такое дакладнае разуменне — нахалеры ўвесь гэты фэйк. Брудныя танцы, брудны саунд. Сэкс, дуда, ракенрол!” — рэзюмуе вакаліст Байсан.

Паслухаць альбом на жыва можна будзе 6-га чэрвеня на байк-фестывалі ў польскіх Кабылянах. Канцэртная прэзентацыя альбома ў Брэсце пройдзе 13-га чэрвеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі