Усе mp3-прэм'еры тыдня: Sciana, Паліна Рэспубліка, Аракеляны і іншае

Гэты тыдзень выдаўся не багаты на прэзентацыі, але насычаны анонсамі. Пра рэлізы, якія неўзабаве убачаць свет, распавялі Еўрарадыё Gods Tower, Hysteria, Алена Аракелян, Канстанцін Гарачы, Unia, Terrakod.

Дарэчы, свежы сумесны рэліз вакалісткі Terrakod Кацярыны Леванюк і брэсцкага гурта Sciana мы ледзь не прапусцілі на мінулым тыдні. Таму пачнем з “хвастоў”.

Sciana — “Kalychanka (feat Kasja Terrakod)” (песня)

Брэсцкія музыкі сябруюць гуртамі! Sciana і Terrakod, напрыклад. Не ведаем, хто там і каму першым пачаў спяваць калыханкі… Але ў выніку нарадзілася новае прачытанне хіта, праверанага часам.

Aconitum — “Спящая принцесса” (песня)

І яшчэ адзін свежы трэк, так бы мовіць, з іншага свету. Мінскі гурт Aconitum адпраўляе нас у страшную казку! Трэк сыраваты, але цікавы. “Сумная флейта ідзе за мягкім лідуючым вакалам і змагаецца з вострым дзявочым скрыма, ствараючы цудоўную непаўторную атмасферу”. Хіба можна апісаць музыку лепш, чым гэта зробяць самі музыкі?

Паліна Рэспубліка і “Фіолет” — “Вітер з півночі” (песня)

“Гэта песня пра жыццё людзей па розныя бакі мяжы, пра розніцу паміж імі і пераважанне чалавечнасці незалежна ад таго на якім баку мяжы ты жывеш”, — распавядае Еўрарадыё лідар “Фіолету” Колас (Сяргей Мартынюк). Атрымліваецца, “Вітер з півночі” — гэта таксама і пра сяброўства Паліны Рэспублікі і ўкраінскіх музыкаў, падзеленых беларуска-ўкраінскай мяжой.

Трэк прэзентаваны на Еўрарадыё.

Аракеляны — “less Song”, “In Peaceful Dream”, “Neurotic” (песні)

Алена Аракелян — аўтар лірыкі гурта Tanin Jazz і пачынаючая спявачка. Свае першыя творы яна паказала брату — вядомаму джазаваму музыканту, саксафаністу “Крамбамбулі” Паўлу Аракеляну. Ён дапамог з музыкай і аранжыроўкамі. А пасля, падчас працы ў студыі, дадаў "адмысловыя шумавыя эфекты”: плясканні па плячах і грудзях. Вось ён, сапраўдны “аракелянаўскі” каларыт!

Усе тры гатовыя трэкі праекта прэзентаваныя на Еўрарадыё.

 

Pavel Ambiont — “Pagan & Urban” (альбом)

Сумесь ambient, dub і фолка робіць дзіўны эфект. Думкі блукаюць недзе ў спрадвечным, а ногі прытопваюць у такт музыцы! Альбом у аршанскага музыкі Паўла Няхаева атрымаўся змрочны, як лясны гушчар. У такім і заблукаць нядоўга!

Спампаваць і паслухаць “Pagan & Urban” цалкам можна на сайце лэйбла Fondamental Networks. А для азнаямлення з альбомам з ласкавай згоды Pavel Ambiont выкладаем трэк “Matter Matters”.

Out Of Yesteryear — “Mass” (альбом)

Моцны и сакавіты альбом з назвай "Mass" выклалі ў сеціва 24 чэрвеня мінскія death-металісты Out Of Yesteryear. Гэта ўжо не казачкі, гэта сапраўдныя начныя кашмары! Рэкамендуем прыхільнікам жанра.

Спампаваць і паслухаць “Mass” можна на сайце гурта. Не забывайцеся аддзячыць музыкаў, калі ў вас ёсць такая магчымасць. А тут выкладваем трэк “The Pig King” з ласкавай згоды Out Of Yesteryear.

Dope Injection — “Catharsis” (сінгл)

Ёсць у Беларусі і музыкі, якія працуюць у экзатычным жанры nintendocore. Яны спалучаюць цяжкую музыку з 8-бітнымі музычнымі фразамі, падобнымі на гукі гульнявых прыставак. Мінчукі Dope Injection прыправілі гэтую сумець гроўлінгам і шалёнымі бубнамі. “Catharsis” — іх дэбютны сінгл.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі