Музыка беларускі Palina прагучала на Тыдні высокай моды ў Парыжы
![Паказ калекцыі Georges Hobeika на Тыдні высокай моды ў Парыжы](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2025-01/hobeika-2701.jpg.webp?itok=RPz8Cg-D)
Паказ калекцыі Georges Hobeika на Тыдні высокай моды ў Парыжы / Imaxtree
Беларуская спявачка і кампазітарка Palina стала аўтаркай музыкі для паказу "от куцюр" у Парыжы. Сёння там пачаўся Тыдзень высокай моды. На ім суветныя люксавыя брэнды прадстаўляюць свае калекцыі, зшытыя ўручную з самых дарагіх матэрыялаў.
Для гучнай гламурнай падзеі беларуская спявачка і аўтарка музыкі Palina стварыла пяць трэкаў. Яны прагучалі акампанентам для паказу брэнда Georges Hobeika. У раскладзе ён стаяў паміж ажыятажнымі Schiaparelli ды Christian Dior.
"Не думала, што такое можа адбыцца са мной у жыцці", — не хавала сваіх эмоцый кампазітарка.
Калекцыя, да якой Паліна напісала музыку, аддае даніну памяці тым, хто сышоў у 2024-м і раней.
"Гэта ўсё вельмі дзіўная гісторыя пра складаны і далікатны свет, пра душу, сувязь, каханне і смерць як цуд", — тлумачыць задумку Паліна.
Georges Hobeika — ліванскі брэнд высокай моды, папулярны сярод такіх зорак, як Джэніфер Лопес, Бейонсе, Тэйлар Свіфт і Эн Хэтуэй, асабліва на чырвоных дарожках, уключаючы "Оскар" і Канскі кінафестываль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.