Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл “Rasa.by” брэсцкіх металістаў TerraKod

Берасцейскія фолк-металісты TerraKod прэзентуюць на Еўрарадыё новы сінгл Rasa.by. Трэк з’яўляецца пераасэнсаваннем латышскай народнай песні “Migla Migla Rasa Rasa”.

“Так атрымалася, што 2014 год па абсалютна розных накірунках быў для мяне годам Латвіі, — распавядае вакаліст TerraKod Байсан. — У нас была не самая свежая загатоўка песні, якую мы пераасэнсавалі пасля чарговага перапраслухоўвання вядомай песні ў апрацоўцы гурта Skyforger. Быў перачытаны тэкст і выведзенае даволі вольнае аўтарскае прачытанне таго, што называецца энергетыкай… Карацей, энергетычны абмен — такая добрая народная беларуска-латышская эмоцыя”.

Музыка дадае, што “Rasa.by” — апошні сінгл перад выданнем другога паўнафарматнага альбома. Менавіта таму для яго абраная песня, “у якой можна пакапацца ў сэнсах і асэнсаваць яе асобна ад альбома”. З некалькіх запісаных версій TerraKod спыніліся на максімальна блізкай да live-варыянту. Па словах музыкаў, гэта цалкам адпавядае іх філасофіі, і не выключана, што ў выніку альбом будзе запісаны на жыва на адным з канцэртаў.

Апроч уласна песні “Rasa.by” у сінгл трапілі яшчэ тры рэміксы, зробленыя беларускім дыджэем Уладам Бубенам. Падобныя эксперыменты разам з вольным стаўленнем да тэкставага складніку самі музыкі называюць проста “новай хваляй беларускага фолк-металу”. Па словах вакалісткі гурту Касі, “гэтым разам было вырашана пагуляцца з рэміксамі, але яшчэ болей нефарматнымі, чым арыгінал. Таму звычайныя наведвальнікі танцпляцаў змогуць аддаць належнае гэтаму антырадыйнаму бонусу”.

Выхад другога паўнафарматніка TerraKod запланаваны на вясну гэтага года. На ім будзе каля дзесяці трэкаў, два з якіх ужо выйшлі ў якасці сінглаў — уласна “Rasa.by” ды “Myata”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі