Прэзентацыя на Еўрарадыё: Максі-сінгл “Ёлки” ад гурта Trubetskoy
Адну з песень для міньёна камандзе падарыў Сяргей Міхалок.
Максі-сінгл “Ёлкі” складаецца з 4 кампазіцый: “Dont Touch My Base”, “Let It Be”, “Рядом” ды аднайменнай “Ёлки”. Тэкст для песні “Let It Be” напісаў Іван Трафімаў, вядомы па супрацоўніцтве з гуртом “Запрещённые барабанщики”. А песня “Рядом” стала прыемным падарункам гурту ад Сяргея Міхалка. Астатнія дзве кампазіцыі Павел Булатнікаў называе “прадуктам калектыўнай творчасці” гурта Trubetskoy.
Праца над запісам міньёна вялася ў віленскай студыі. Саўнд-прадзюсерам максі-сінгла выступіў Снорэ Бергеруд (Нарвегія), ужо вядомы беларускаму слухачу па працы над альбомам “Грамадазнаўства” Лявона Вольскага.
“Нават мы з нашым досведам былі прыемна ўражаныя супрацоўніцтвам са Снорэ. Нам вельмі падабаецца энергетыка, якая прысутнічае ў гэтых песнях. Гэта вельмі здорава атрымалася перадаць! Гэта ж не песні гурта “Ляпіс Трубяцкі”, таму гэта ўжо гучыць дастаткова арыгінальна! Я думаю, што шмат хто будзе прыемна здзіўлены. І, можа быць, нехта — непрыемна. Але здзіўленыя дакладна будуць!” — смяецца фронтмэн гурта Trubetskoy Павел Булатнікаў.
Першы альбом Trubetskoy плануе выпусціць ужо вясной 2015 года. Неўзабаве музыкі збіраюцца выступіць у Мінску з першым канцэртам.