Прэзентацыя на Еўрарадыё: "Support your local (even shit)" ад гурта "Тлушч"
Для запісу песні мінская каманда сабрала панк-хор. На жыва яе можна будзе паслухаць на фэсце "Дзень радыё".
Мінскія панкі "Тлушч" прэзентуюць на Еўрарадыё новую песню "Support your local (even shit)" і відэа да яе. У запісе трэка ўзялі ўдзел сябры "Тлушча", музыкі розных мінскіх панк і рок-гуртоў, дэманструючы такім чынам еднасць тусоўкі. Песня атрымалася іранічнай, музыкі ў ёй смяюцца над сабой, сцвярджае лідар "Тлушча" Паша Белы:
"Лозунг "Support your local (even shit)" мяне вельмі ўразіў і здзівіў. Сапраўды, вельмі прыкольна падтрымліваць сваё, нават самае адстойнае. Можа, нехта і падумае, што наш гурт адлюстроўвае лозунг".
"Support your local (even shit)" напісалася даўно і мусіла ўвайсці ў новы міні-альбом гурта. Аднак каманда настолькі ўлілася ў працу, што вырашыла не разменьвацца на ЕР, а падрыхтаваць адразу паўнавартасны лонгплэй.
Канцэртная прэзентацыя трэка адбудзецца на фэсце "Дзень радыё", які пройдзе ў клубе Re:Public 23 траўня. Праўда, панк-хор на сцэну не выйдзе, бо не ўлезе, але будзе падтрымліваць "Тлушч" пад сцэнай. Апроч "Тлушча" у фэсце возьмуць удзел гурты Nizkiz, Akute, Sciana i :B:N:.