Сёння на фестывалі “Дзень Радыё” будзе пяць прэм’ер!
Nizkiz, :B:N:, “Тлушч” і “Сцяна” прэзентуюць трэкі з будучых альбомаў, а Akute ўпершыню жыўцом сыграюць “Кулі”.
23 траўня ў клубе Re:Public пройдзе традыцыйны фестываль “Дзень Радыё”, на якім выступяць самыя яскравыя прадстаўнікі “маладога” беларускага рока — гурты Akute, :B:N:, Nizkiz, Sciana ды “Тлушч”. Прычым, кожны з выступоўцаў рыхтуе невялічкую прэзентацыю адмыслова да канцэрта.
“Справа ў тым, што мы не ўсе песні з новага, трэцяга альбома выканалі падчас канцэртнай прэзентацыі, — кажа басіст Akute Раман Жыгараў. — Таму мы вырашылі адыграць іх на фестывалі “Дзень Радыё”. Напрыклад, песню “Кулі” мы нідзе на жыва не выконвалі, там яна прагучыць упершыню. Агулам жа, гэта будзе мікс з вельмі старых, старых, новых і вельмі новых песень”.
:B:N: актыўна працуюць над новым альбомам. Часу на разважанні ды падрыхтоўку сюрпрызаў няма. Але лідар гурта Алесь Лютыч намякае, што менавіта абсалютна новыя трэкі і стануць асноўнай фішкай рокераў.
Аўтары “Лепшага сінгла 2013” па версіі музычнай прэміі Еўрарадыё “Даём Рады”, магілёўцы Nizkiz цяпер завяршаюць працу над чарговай беларускамоўнай песняй. У фармаце сінгла яна будзе прэзентаваная літаральна днямі. Музыкі перакананыя, што песню чакае не меншы поспех, чым іх папярэдні беларускамоўны сінгл “Гуантанама”.
“Упершыню мы выканаем гэтую песню на фэсце “Дзень Радыё”, — кажа бубнач Nizkiz Зміцер Халяўкін. — Плюс, мы амаль падрыхтавалі новы альбом, таму, думаю, адну-дзве песні з яго таксама сыграем”.
Дарэчы, на днях музыкі выдалі лічбавую кружэлку "Guantanama" ў фармаце 3plet.
Панкі “Тлушч” цяпер працуюць над міні-альбомам. “Гэта будзе нешта моцнае, тлустае і хітовае”, — абяцаюць хлопцы. Яго канцэртнае гучанне здолеюць ацаніць і наведвальнікі “Дня радыё”.
Sciana таксама працуе над новым EP і адну з песень гатовая прэзентаваць на фестывалі.
“Яна пра тое, што людзі больш замарочваюцца над праблемамі, чым той праблемы ёсць насамрэч, — распавядае пра асноўную думку новай песні дырэктар “Сцяны” Зміцер Назараў. — Асноўная думка трэка ў тым, што ўсе праблемы больш у нашых галовах, яны проста надуманыя. Даволі дэпрэсіўная тэма атрымалася”.
Ужо хутка з трэкам, якому музыкі пакуль не далі нават працоўнай назвы, можна будзе пазнаёміцца на сайце Еўрарадыё.
Першы фестываль “Дзень Радыё” прайшоў летась у мінскім клубе Re: public пры ўдзеле Neuro Dubel, "Крама", :B:N:, "Мутнаевока", Pomidor/OFF. Гурты, якія былі ўнесеныя ў “чорныя спісы”, упершыню за працяглы час выйшлі на вялікую сцэну.
Квіткі на фестываль “Дзень Радыё-2014” каштуюць 110-170 тыс. Даведкі па тэлефоне +375 (29) 6490888.