Прэзентацыя: Песня "Моўчкі засынай" ад Вольгі Акуліч і Юрыя Несцярэнкі

Спявачка Вольга Акуліч і блюзмэн Юрый Несцярэнка прадстаўляюць на Еўрарадыё песню "Моўчкі засынай". Яе аўтарам выступіла Вольга, а аранжыраваў Юрый. Увогуле, музыкі супрауоўнічаюць больш за год. За гэты час яны зрабілі сумесную праграму і далі канцэрты ў розных гарадах.


"Песня “Моўчкі засынай” была напісаная літаральна на адным дыханні. Яна, напэўна, пра немагчымасць “прывязаць да сябе" іншага чалавека, немагчымасць і шкоднасць, — распавядае Вольга. — Юра — вельмі прафесійны, дасведчаны музыкант, спявак, аўтар. І пры гэтым вельмі далікатны ў выказваннях, не цісне аўтарытэтам. Для мяне вельмі карысным было тое, што я ўбачыла іншы погляд на свае кампазіцыі, змагла іх пачуць па-іншаму".


Цягам апошніх гадоў Юрый Несцярэнка адначасова з запісам свайго новага сольнага альбома “Аэрапланы ў вырай”, які выйшаў перад Новым годам, супрацоўнічаў з рознымі калектывамі і выканаўцамі — паступова дуэтаў назбіралася на паўнавартасны альбом. Падрабязнасці праекта пакуль трымаюцца ў сакрэце, але песня “Моўчкі засынай” таксама ўвойдзе ў яго.


Дарэчы, Вольга Акуліч, натхнёная ідэяй дуэтаў, наладзіла творчае супрацоўніцтва з гітарыстам Андрэем Вайцэхоўскім, вядомым па выкананні лаціны і фламенка. Ужо запісаны сінгл і гатовая канцэртная праграма. А Юрый Несцярэнка нядаўна прэзентаваў яшчэ адзін праект — “Мірнае мора”.

Фота: www.youtube.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі