Прэзідэнцкія нумары ў гасцініцах Мінска пастаянна занятыя

Нягледзячы на тое, што некаторыя каштуюць па 1500 долараў за суткі. З-за барацьбы кліентаў за VIP-люксы, гатэлям нават даводзіцца павышаць на іх кошты. Прэзідэнцкі нумар у 5-ці зоркавым гатэлі Crowne Plaza каштуе каля 1200 долараў. Прычым кошты на яго могуць мяняцца ў залежнасці ад попыту. Чым больш жадаючых туды засяліцца — тым даражэйшы нумар! А попыт не проста ёсць, за яго змагаюцца. Пра гэта распавялі Еўрарадыё у Crowne Plaza:

"3 мільёны 400 тысяч каштуе прэзідэнцкі нумар. Кошты мяняюцца кожны дзень. У залежнасці ад засяляемасці. У іншых гатэлях Мінска такога няма. Яны пастаянна занятыя і ў нас за іх нават барацьба ідзе".

Прэзідэнцкі нумар двухпавярховы. Там ёсць і джакузі, і сауна, два вялікія ложкі. Карацей усё, што трэба для звычайнага чалавека.

Засяляюцца туды і простыя людзі, і шэйхі. Жыў у гатэлі сам Дэвід Бэкхам і яго зборная, і шмат іншых вядомых персон.

"Бываюць звычайныя людзі проста так, бываюць шэйхі. Учора ў нас жыў Білан. Таксама жылі Араш, Scorpions, Рыбак, Іглесіас, Арбакайтэ. Зборная Англіі ў нас жыла, Рэал Мадрыд".

Але карэспандэнту Еўрарадыё падыдзе толькі самы танны варыянт, які ў гатэлі Crowne Plaza абыдзецца ў 960 тысяч за суткі.

Другі ў нашым горадзе 5-ці зоркавы гатэль Еўропа, там прэзідэнцкі нумар таксама аказаўся заняты.

"Ёсць у нас адзін прэзідэнцкі нумар у гатэлі. Каштуе ён 1105 еўра на аднаго чалавека, на дваіх 1150. Зараз няма, на жаль, месца. Можна забраніраваць пасля 4 кастрычніка. Нумар гэты — 124 квадратныя метры, 3 пакоі, гасціная вялікая, спальня, працоўны кабінет, сауна. У нумар падаюцца фрукты шампанскае. А самы танны нумар 265 еўра — гэта стандартны аднамесны нумар".

Жылі тут знаёмыя нам людзі — Крысціна Арбакайтэ, Дзмітры Білан, Жанна Фрыске, а таксама вядомы дызайнер Джорджіо Фабіяні.

Атрымалася знайсці вольны прэзідэнцкі нумар толькі ў гасцініцы “Мінск”. Зняць яго можна за 1107 долараў. Але ён таксама не пустуе і карыстаецца папулярнасцю.

"Часта гэта кіраўнікі дыпламатычных дэлегацый, вядомыя людзі, артысты, для здымак яго арандуюць. У нас дзве кнігі ганаровых гасцей, кожная з іх па 100 старонак. Каля 80 працэнтаў гэтых людзей жылі ў нас у VIP, ці апартаментах".

Самы дарагі нумар у трохзоркавай гасцініцы “Вікторыя” каштуе 790 долараў, калі жыве адзін чалавек, калі ж вы засяляецеся ўдваіх, то нумар абыдзецца трохі даражэй — 806 долараў. Тут няма прэзідэнцкага нумара, але апартаменты таксама маюць 3 пакоі, кухню, джакузі, мінібар, ды нешта накшталт сауны — паравую кабіну.

Але вось у гасцініцы класам 3 зоркі ўсё наадварот. Апартаменты звычайна свабодныя, а нумары патанней займаюць. Самы танны нумар тут каштуе 170 долараў.

У вядомай мінскай гасцініцы “Юбілейнай” апартаменты з 3-ма пакоямі, гасціннай і кабінетам каштуюць усяго… 247 долараў. А самы танны нумар на аднаго чалавека можна зняць за 60 долараў на суткі.


На фота: нумар VIP у Crowne Plaza

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі