Прэзідэнт ЗША распавёў, для чаго адпраўляе ў Дахау сваіх дзяцей і ўнукаў
Джо Байдэн падчас наведвання Дахау ў 2015 годзе / wikimedia.org
Калі дзецям і ўнукам прэзідэнта ЗША Джо Байдэна спаўняецца 15 гадоў, ён адпраўляе іх у былы канцлагер Дахаў ў Германіі. Пра гэта амерыканскі прэзідэнт згадаў на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта Канэктыкута, паведамляе CNN.
Байдэн выступіў у універсітэце з прамовай, якая была прысвечана афіцыйнаму далучэнню ЗША да Рады ААН па правах чалавека.
Па словах прэзідэнта, візіты ў Дахау можна лічыць іх сямейнай традыцыяй. Візіты патрэбныя для таго, каб яго родныя не толькі ўбачылі на свае вочы злачынствы нацыстаў, але і даведаліся пра абыякавасць звычайных людзей.
"Я хацеў, каб яны ўбачылі выдатныя дамы, якія стаялі прама ў лініі плота, з іх прыгожымі стрэхамі. Людзі, якія жывуць там, разважалі: "Гэта не я, я гэтага не раблю. І я не ведаю, што там адбываецца на самай справе"... Я хацеў, каб яны ўбачылі, што здольнасць чалавечага розуму рацыяналізаваць нельга недаацэньваць", — заявіў Байдэн.
Прэзідэнт ЗША таксама адзначыў, што ўрок Нюрнбергскага працэсу заключаўся ў пошуку і дакументаванні ісціны, каб яе ніколі нельга было адмаўляць.
Дахау быў адным з першых канцлагераў, які быў створаны ў Германіі пасля прыходу да ўлады Адольфа Гітлера. Там загінулі да 70 тысяч чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.