Протаіерэй Сергій: Патрабаваць аўтаномію БПЦ — гэта царкоўны сепаратызм

З нечаканай ініцыятывай атрымання пэўнай незалежнасці Беларускай праваслаўнай царквы ад Маскоўскага патрыярхату выступае Мітрапаліт Павел. У выніковым дакуменце агульнага сходу епархій Мінскай метраполіі, які прайшоў 16 снежня, так і запісана “хадайнічаць перад Свяцейшым Патрыярхам Кірылам і Святым Сінодам аб прадстаўленні БПЦ статуса самакіраванай царквы ў складзе Маскоўскага Патрыярхату па прыкладзе Латвіі, Малдовы і Эстоніі”.

Навошта БПЦ гэтая самакіраванасць, ды наколькі рэальнае яе атрыманне?

Цалкам рэальнае, упэўнены протаіерэй Сергій Гардун. Але сам ён не толькі супраць, нават параўноўвае такую ініцыятыву з… царкоўным сепаратызмам.

Протаіерэй Сергій Гардун: “Для мяне гэта непажадана. Мне больш падабаецца пазіцыя каталіцтва: каталіцкая царква ні ў Польшчы, ні ў Беларусі, ні ў Германіі не імкнуцца да нейкай там незалежнасці, нейкага такога статусу, нейкага сепаратызму. Я ў прынцыпе супраць гэтага”.

І выказвае занепакоенасць узроўнем, на якім гэтая ініцыятыва прагучала: такія пытанні павінны агучвацца Саборам епіскапаў і абмяркоўвацца ўсёй царквой, а не святарамі толькі Мінскай вобласці. Калегу падтрымлівае святар Аляксандр Шымбалёў. Кажа, што трэба больш думаць пра духоўнае, чым пра “палітызаваныя пытанні нейкай там незалежнасці”.

                                 Мітрапаліт Павел

Ці атрымае БПЦ статус аўтаноміі, будзе залежаць ад таго, ці захоча маскоўскае кіраўніцтва адгукнуцца на “просьбу” з Мінска, заўважае галоўны рэдактар партала “Царква” Наталля Васілевіч. Там гэтую просьбу там могуць проста не заўважыць. Што, кажа Наталля, можа быць у сённяшніх умовах толькі лепш для самой беларускай царквы.

Наталля Васілевіч: “Самакіраванне абсалютна не азначае, што палітыка праваслаўнай царквы стане да беларускай культуры больш прыязнай — гэтыя рэчы не звязаныя. Па-другое, гэта аўтаматам павялічвае залежнасць царквы ад беларускага рэжыму. Тым больш, што мы бачым, што менавіта ўлада спрабуе прасунуць гэтую ідэю самакіраванасці Беларускай праваслаўнай царквы”.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, спадзявацца на тое, што, атрымаўшы права на самакіраванне, праваслаўная царква адразу загаворыць па-беларуску, а святары яе будуць пад сутанай насіць ільняныя вышыванкі, не даводзіцца.

Наталля Васілевіч: “Якім зместам гэтае самакіраванне будзе напоўненае — невядома. І цалкам магчыма, што гэта будзе зусім не беларускі змест. Узгадайце выказванні Мітрапаліта Паўла пра беларускую мову: ён зразумеў за год стан беларускай мовы ў беларускім грамадстве, палітызаванасць моўнага пытання, што рэжым не вельмі прыязна ставіцца да беларускай мовы. І я не думаю, што ён бачыць патрэбу пашыраць мову ў царкве”.

Тым не менш, “незалежніцкія” настроі сярод праваслаўных святароў існуюць, і з’явіліся яны менавіта пасля прызначэння кіраўніком БПЦ “расейца”: на змену масквічу Мітрапаліту Філарэту прыйшоў святар з Разані Мітрапаліт Павел. З рэдактаркай партала “Царква” не пагаджаецца Протаіерэй Сергій Гардун.

Протаіерэй Сергій Гардун: “Якая розніца, расеец ці беларус? Таму нам прыслалі з Расіі Мітрапаліта, што не праявілі ініцыятыву беларускія епіскапы і не выбралі свайго, бо гэта трэба было зрабіць — прапанаваць. Яны не зрабілі, і гэтым даказалі, што не дайшлі да ўзроўню незалежнасці. А гэта можна было зрабіць!”

І раскрывае таямніцу, як увогуле нарадзілася ідэя папрасіць для БПЦ статус самакіраванай царквы. Па словах Протаіерэя Сергія Гардуна, “нехта з удзельнікаў сходу выказаў пажаданне, каб рашэнні Сабора беларускіх епіскапаў публікаваліся адразу пасля іх прыняцця, а не пасля іх зацвярджэння ў Маскве, што прадугледжваецца статусам БПЦ”. Ніводнага выпадку, каб рашэнне Сабора беларускіх епіскапаў не было зацверджанае ў Маскве, не здаралася, кажа Гардун. І лічыць гэта галоўным доказам таго, што БПЦ і так мае статус самакіраванай царквы. “Гэта зацвярджэнне ў Маскве — фармальнасць, якую я не лічу падставай для патрабавання нейкай там аўтаноміі”, — кажа протаіерэй Сергій. 

                 Удзельнікі агульнага сходу епархій Мінскай метраполіі

Фота: naviny.by, http://www.church.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі