Прыбытак прыватных правайдэраў знізіўся на 60%, а Белтэлекама — узрос

Еўрарадыё даведалася, на што скардзіліся прыватныя правайдэры ў лісце ў Міністэрства сувязі Еўрарадыё паразмаўляла з прадстаўніком аднаго з правайдэраў, які пажадаў пакуль не называць публічна свайго імя, каб не зашкодзіць справе і не паўплываць на адказ з міністэрства. Па яго словах, апошнім часам прыбытак прыватных правайдэраў знізіўся ажно на 60%:

Правайдэр: “Прыбытак Белтэлекама, якому мы плацім у доларах, павялічыўся на 60%. А мы пры мінус 60% прыбытку не можам вытрымаць на рынку”.

У лісце правайдэры пералічваюць галоўныя свае праблемы: разлікі ў доларах з Белтэлекамам, у некалькі разоў завышаныя цэны на паслугі, якія яны выкупляюць  у Белтэлекама, перакрыжаванае субсідаванне.

Белтэлекам завышаныя цэны на інтэрнэт тлумачыць так, што трэба бабулькам у далёкія вёскі тэлефоны праводзіць. На што правайдэры скардзяцца, быццам некалькі гадоў існуе спецыяльны фонд абслугоўвання электрасувязі. З гэтага фонду кампенсуюцца страты Белтэлекама на ўсталяванне новых тэлефонных ліній. У гэты фонд робяць адлічэнні ўсе правайдэры і мабільныя аператары. Атрымліваецца падвойнае падаткаабкладанне!

Правайдэр: “У нас засталося перакрыжаванае субсідаванне, ёсць гэты фонд. То бок два падаткі. Усе туды плацяць, а карыстаецца толькі Белтэлекам і Белпошта”.

У прэс-службе Белтэлекаму кажуць, што цэны на паслугі, якія яны прадаюць правайдэрам, не супярэчаць законам. Дый становішча прыватнікаў не лічаць нявыгадным:

Супрацоўніца прэс-службы Белтэлекама: “Гэты вывад галаслоўны. У цэлым цэнаўтварэнне праводзіцца ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам”.

Правайдэры кажуць, што яны патрэбныя не менш, чым Белтэлекам.

Правайдэр: “Тэлекамунікацыйная галіна — гэта вены, па якіх цячэ кроў. Якую б задачу ні ставілі перад спартоўцам,  калі яго крывяносная сістэма забітая або неразвітая, то ён ніколі не паставіць рэкордаў і ніколі не вырасце з маленькіх штанцоў”.

Цікава, што рэгіянальныя правайдэры далучыцца да ліста ў міністэрства не пажадалі. Як зазначылі ў адной з брэсцкай кампаніі, такія лісты нічога не зменяць:

Супрацоўніца CityLine: “Канешне, мы не з усім згаджаемся, але лістоў не падпісвалі. Цяжкі бізнес, але калі не падабаецца, то ідзіце ў аптовы гандаль, а то яны лісты пішуць. У Мінску і так правайдэрам лягчэй, з іх і грошай менш бяруць”.

Дарэчы, ліст у міністэрства правайдэры адсылалі ўжо даволі даўно. Адказу пакуль не атрымалі.

 Краіна Правайдэр Хуткасць (Увах/Зых)
 Кошт (у разліку на беларускія рублі)
 Польшча Aster 10 Мбіт / 1 Мбіт 128 тыс. руб.
 Украіна ЦИФРА 10 Мбіт / 2 Мбіт 340 тыс. руб.
 Расія АКАДО Телеком 10 Мбіт / 1 Мбіт 55.300 руб.
 Англія O2 8 Мбіт / 8 Мбіт 30 тыс. руб.
 Сінгапур SingTel 8 Мбіт / 8 Мбіт 93 тыс. руб.
 Італія TelecomItalia 8 Мбіт / 2 Мбіт 160 тыс. руб.
 Чэхія Volny 8 Мбіт / 0.5 Мбіт 90 тыс. руб.
 Літва Zebra 6 Мбіт / 6 Мбіт 103 тыс. руб.
 Нямеччына 1&1 5 Мбіт / 1 Мбіт 53.600 руб.
 ФранцыяDomaccess
 4 Мбіт / 4 Мбіт 157 тыс. руб.
 Беларусь Белтэлекам 1 Мбіт / 0.5 Мбіт 980 тыс. руб.

Табліца ўзятая з блога alterby
Фота — www.securitylab.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі