Прыхільнікі ды-джэя ван Бюрэна 3 гадзіны стаялі ў чарзе на мінскі канцэрт

Прыхільнікі ды-джэя Арміна ван Бюрэна мінімум тры гадзіны чакалі запуску ў “Мінск-арэну” і прапусцілі частку шоў Armin Only Intense. Канцэрт праходзіў 21 лютага. Квіткі коштам ад паўмільёна рублёў набылі болей за 14 тысяч чалавек. Але, як высветлілася, зайсці ўсім у “Мінск-арэну” аказалася справай няпростай. Шматтысячная чарга рухалася вельмі павольна. За гадзіну людзі не прайшлі і частку прыступак да ўваходу спорткомплекс.

"Як?! Як можна рабіць Чэмпіянат свету па хакеі, калі ў нас так доўга пускаюць на канцэрт. Тут жа ўсе "свае" — беларусы, украінцы, рускія. А там жа замежнікі прыедуць. Зганьбімся!", — людзі з натоўпу мелі час падумаць пра будучыя маштабныя мерапрыемствы.


"Кажуць, вельмі трасуць амапаўцы", — распавядае Таццяна, яна разам з мужам прыйшла адпачыць, але не атрымалася.



За тры гадзіны людзі прасоўваліся на 20 сантыметраў і за гэты час натоўп паспеў парадніцца. Людзі абмяркоўвалі, што можа ўжо і не ісці на канцэрт, як і дзе яны заўтра будуць пісаць каментары пра арганізацыю, узгадвалі Майдан, прапаноўвалі стварыць яго проста тут — на прыступках да “Мінск-арэны”, пакуль амапаўцы шукаюць у кішэнях прыхільнікаў trance невядома што.



Урэшце запусцілі ў Мінск-Арэну. Скажу адно — гэтак дэтальна мяне ніводнага разу не абшуквалі. Праверылі не толькі ўсе кішэні, але нават і падкладку паліто!



Прадстаўнік арганізатараў патлумачыў праблему з запускам:



"Пытанні да міліцыі, гэта яны вызначаюць праверку, гэта яны запускаюць людзей".



Адзначым, што напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі сталічная міліцыя трэніруе праверку на ўваходах у арэны. Праводзіцца самы пільны кантроль. З-за гэтага на шматлюдных мерапрыемствах у “Мінск-арэне” ўжо не першы раз узнікаюць вялікія чэргі на ўваход.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі