Прысуд маці, якая катавала маленькага сына, пакінулі без зменаў
Прысуд маці загінулага хлопчыка вынеслі ў лютым
У Гродзенскім абласным судзе разгледзелі апеляцыю на прысуд жыхаркі Іўеўскага раёна, якую судзілі за катаванне малалетняга сына. Дзіця ў выніку загінула. У лютым раённы суд прысудзіў яе да пяці гадоў калоніі і штрафу. Абласны суд паводле вынікаў разгляду апеляцыі пакінуў гэты прысуд у сіле, паведамляе БЕЛТА.
Фігурантцы 43 гады. Раней яе ўжо пазбаўлялі бацькоўскіх правоў у дачыненні да семярых дзяцей. Пазней яна нарадзіла яшчэ дваіх дзяцей, уключаючы памерлага хлопчыка. У судзе жанчына расказала, што яе судзілі пяць разоў, але ўсе судзімасці ўжо пагашаныя.
Згодна з матэрыяламі справы, з ліпеня да верасня 2023 года жанчына здзекавалася са свайго маленькага сына 2022 года нараджэння. Біла яго, здушвала шыю. Яна таксама прыкручвала абутак дзіцяці шрубамі да падлогі і прымушала яго падоўгу стаяць у такім становішчы. Пры спробах дзіцяці выбрацца біла, не давала яму спаць днём.
13 верасня 2023-га хлопчык страціў прытомнасць. Калі прыехала "хуткая", выратаваць дзіця медыкі не змаглі. У бальніцы спецыялісты дыягнаставалі ў яго гнойны лептаменінгіт і ацёк спіннога мозгу. Напярэдадні, як вынікае з матэрыялаў справы, жанчына чарговы раз збіла дзіця, нанёсшы яму не менш за 16 удараў рукамі па розных частках галавы і цела.
Віну ў судзе абвінавачаная не прызнала. Казала, што карысталася парадамі з сацсетак, каб навучыць дзіця хадзіць і спаць у "патрэбны" час. Пасля адхілення апеляцыі прысуд уступіў у законную сілу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.