Прыйшлі да брата палітзняволенай Наталлі Хершэ
Генадзь Касьян з дзецьмі і Наталляй Хершэ да яе затрымання / rh.by
У Генадзя Касьяна, брата палітзняволенай Наталлі Хершэ, прайшоў ператрус, паведамляе "Рэгіянальная газета" са спасылкай на Касьяна.
Мужчына расказаў журналістам, што напярэдадні, 25 траўня, да яго прыйшлі начальнік крымінальнага вышуку і два оперупаўнаважаных. Сілавікі паведамілі гаспадару, што ён з'яўляецца падазраваным па арт. 341 КК РБ (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці), і правялі ператрус. Касьяна падазраюць у тым, што ён размаляваў Дом быту ў Маладзечне.
"У мяне нічога не знайшлі. Забралі смартфон. Еду да адваката", — расказаў ён журналістам.
Касьян жыве ў Маладзечне. Раней працаваў лекарам, цяпер — у фармацэўтычнай кампаніі. Яго сястра Наталля Хершэ — грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання. Яна была затрыманая мінулай восенню на адной з пратэсных акцый у Мінску. Яе асудзілі на 2,5 года калоніі за тое, што яна сарвала балаклаву з амапаўца. У зняволенні Хершэ аб'яўляла галадоўку. Яе лёс неаднаразова рабіўся тэмай размоваў міністраў замежных спраў Беларусі і Швейцарыі. Швейцарскі бок настойвае на яе вызваленні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.