Швейцарскай беларусцы прысудзілі 2,5 года за сарваную з амапаўца балаклаву
Беларуску Наталлю Хершэ за сарваную з амапаўца балаклаву асудзілі на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. Такі прысуд ёй вынес суддзя Сяргей Шаціла з Савецкага раёна Мінска.
Менавіта столькі ж прасіў і пракурор.
Наталля Хершэ нарадзілася ў Беларусі, але апошнія 12 гадоў жыве ў Швейцарыі і мае грамадзянства гэтай краіны.
Пры затрыманні на жаночым маршы 19 верасня яна сарвала балаклаву з амапаўца. Пры гэтым падрапала твар міліцыянту. Хершэ абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванню супрацоўніка міліцыі. Сваю віну жанчына не прызнала.
Пацярпелы — 22-гадовы супрацоўнік АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Кончык. На першым судовым пасяджэнні паведамлялася, што ён атрымаў драпіну даўжынёй 1 см. Таксама гаварылася, што Хершэ паврвала балаклаву коштам 1 рубель.
Свае маральныя страты ў судовай заяве Кончык ацаніў у 100 рублёў, але падчас працэсу падняў патрабаванні да 1000 рублёў. Суд пагадзіўся з гэтай сумай.
У сваім апошнім слове Наталля Хершэ сказала, што ў будучыні хоча бачыць Беларусь еўрапейскай дэмакратычнай краінай, як Швейцарыя, у якой яна жыве: "Дзе паліцыянты не хаваюць твараў перад мірнымі дэманстрантамі. Менавіта такой я бачу маю Радзіму — Беларусь будучыні, свабодную Беларусь".
На судзе Наталля была ў вопратцы, якая складала бел-чырвона-белую гаму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.