Для жанчыны, якая сарвала балаклаву з амапаўца, пракурор просіць 2,5 года

Для жанчыны, якая сарвала балаклаву з амапаўца, пракурор просіць 2,5 года

Два з паловай гады пазбаўлення волі просіць пракурор у якасці пакарання для Наталлі Хершэ — беларускі,я кая 12 гадоў жыве ў Швейцарыі і мае грамадзянства гэтай краіны. Працэс над ёй праходзіць у Савецкім судзе Мінска.

На жаночым маршы 19 верасня жанчына сарвала балаклаву з амапаўца, пасля чаго на яе пачалі крымінальную справу. Як адзначана ў пратаколе, пры затрыманні Наталля не падпарадкавалася патрабаванню міліцыянтаў прайсці ў транспарт, спрабавала ўцячы. Калі амапавец Кончык спрабаваў яе затрымаць, жанчына вырывалася і ўпіралася, схапіла яго за твар і падрапала. Акрамя таго, яна сцягнула з амапаўца балаклаву і парвала яе, тым самым сапсавала форменнае абмундзіраванне. 

Хершэ не прызнае сваю віну. Яна кажа, што ўдзельнічала ў мірнай акцыі пратэсту і спрабавала зняць балаклаву. Наталлю судзяць па абвінавачанні ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў. 

Пацярпелым выступае 22-гадовы супрацоўнік АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Кончык. У заяве ён напісаў суму кампенсацыі маральнай шкоды ў 100 рублёў. Але ў зале суда амапавец захацеў павысіць кампенсацыю да 1000 рублёў. Пры пазітыўным для сябе выніку ён абяцае пералічыць гэтыя грошы ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, паведамляе TUT.by.

У сваім апошнім слове Наталля Хершэ расказала, што ў будучыні хоча бачыць Беларусь такой жа, як Швейцарыю:

"Я жыву ў еўрапейскай дэмакратычнай краіне, дзе дэмакратычныя прынцыпы і свабоды з'яўляюцца неабходнай умовай праўлення на ўсіх узроўнях і паралелях улады. Дзе права свабоды слова і мірных сходаў вызначаныя Канстытуцыяй і гарантуюцца дзяржавай. Дзе паліцэйскія не хаваюць твараў перад мірнымі дэманстрантамі. Менавіта такой я бачу маю Радзіму — Беларусь будучыні, свабодную Беларусь".

На судзе прысутнічае амбасадар Швейцарыі ў Беларусі Клод Альтэрмат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі