"Публічна абразіла прэзідэнта" — дзяўчыну будуць судзіць за плакат на мітынгу

"Абразлівы" плакат / sk.gov.by​
"Абразлівы" плакат / sk.gov.by​

Абвінавачанне ў абразе Аляксандра Лукашэнкі выстаўленае ў дачыненні да жыхаркі Гомеля за надпіс на плакаце, які яна трымала ў руках на адной з мінскіх пратэстных акцый.

"Абвінавачаная публічна абразіла прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэманструючы грамадзянам плакат з надпісам, якая змяшчае негатыўную ацэнку, выяўленую ў непрыстойнай форме", — заявілі ў Следчым камітэце Беларусі.

Усяго дзяўчыне выстаўлена абвінавачанне па трох артыкулах. Акрамя абразы прэзідэнта, яе абвінавачваюць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў злосным хуліганстве.

Следства сцвярджае, што яна і яе знаёмы — абодвум па 18 гадоў — 6 верасня разам з іншымі неўстаноўленымі ўдзельнікамі пратэстаў "пашкодзілі адмысловы сродак шляхам нанясення балончыкамі з фарбай розных надпісаў". Хлопец таксама з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы. Яму прад'яўленыя абвінавачанні па двух артыкулах: ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ў злосным хуліганстве.  

Хлопец і дзяўчына спецыяльна прыехалі ў Мінск з Гомеля, каб прыняць удзел у мітынгах, кажуць у СК.  Абодва цяпер знаходзяцца пад вартай.

У нядзелю, 6 верасня ў Мінску і іншых гарадах прайшоў маштабны Марш адзінства. У той дзень на вуліцы выйшлі сотні тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі