Пуцін распавёў, што Расія дапамагла Януковічу ўцячы з Украіны
Пра гэта расійскі кіраўнік заявіў на сесіі дыскусійнага клуба "Валдай" 24 кастрычніка.
Пуцін распавёў, што 21 лютага ўвечары пасля падпісання пагадненняў яму затэлефанаваў Януковіч і сказаў, што сітуацыя стабілізавалася. Ён паведаміў, што едзе ў Харкаў. Пуцін, па яго словах, асабліва ўказаў Януковічу на тое, што нельга выводзіць сілы правапарадку з Кіева. "Але ён з'ехаў і даў каманду [на вывад сіл]", — распавёў расійскі прэзідэнт.
"Як толькі Януковіч паехаў, тут жа адбыўся ўзброены захоп", — перадае РБК словы Пуціна. Януковіч зноў затэлефанаваў яму і папрасіў пра сустрэчу. Пуцін прапанаваў Растоў, але высветлілася, што і ў Растоў украінскі кіраўнік трапіць не мог.
"Не буду хаваць, мы дапамаглі яму перабрацца ў Крым", — прызнаў Пуцін. Па просьбе Януковіча яго вывезлі ў Расію.
Сам Януковіч раней на прэс-канферэнцыі ў Растове-на-Доне заяўляў, што перабрацца ў Расію яму дапамаглі нейкія ўкраінскія патрыёты.
Фота — Fotobank/Getty Images