Пушкінскі мост у Магілёве адрамантуюць
Падрыхтоўка да яго рэканструкцыі ўключаная ў план рамонту дарожнай сеткі абласнога цэнтра.
На бягучы і капітальны рамонт дарог і вуліц Магілёва сёлета патрацяць 140 мільярдаў рублёў. Пра гэта БЕЛТА паведаміў генеральны дырэктар магілёўскага “Упраўлення камунальных прадпрыемстваў” Андрэй Кіблоў.
Новы асфальт закатаюць на сямі ўчастках дарог агульнай плошчай 270 тысяч квадратных метраў. Таксама зробяць ямкавы рамонт асфальта на плошчы ў 25 тысяч квадратных метраў.
Увогуле ў праграму капітальнага рамонту ўключаныя 13 аб’ектаў. Найбольш важныя — мадэрнізацыя Мінскай шашы ад перакрыжавання на абласную лякарню да перакрыжавання з вуліцай Каліноўскага. Таксама сёлета будзе завершаная рэканструкцыя адной з цэнтральных транспартных артэрый горада — вуліцы Піянерскай.
Пачнецца падрыхтоўка да рамонту Пушкінскага моста. Нагадаем, што месяц таму на гэтым мосце абвалілася каля 13 метраў металічнай агароджы. Як мяркуецца, прычынай здарэння была фізічная зношанасць канструкцыяў. Мост быў пабудаваны ў 1957 годзе.