П'янага кіроўцу збілі за віражы ў двары дома — ён падаў заяву ў міліцыю
Не зусім звычайнай справай давялося займацца Следчаму камітэту ў Светлагорску.
Як пішуць "Светлагорскія навіны", у апошнюю суботу верасня ў мясцовую міліцыю затэлефанавалі гараджане са скаргай. У двары аднаго з дамоў 2-га мікрараёна нейкі мужчына на аўто закладаў крутыя віражы ў двары дома. Яго дзеянні былі небяспечнымі для навакольных. Сам кіроўца, мяркуючы па ўсім быў вельмі п'яны.
Аднак супрацоўнікі ДАІ, якія прыбылі на выклік, пабачылі, што мужчына ўжо не ездзіць, а сядзіць каля свайго аўтамабіля. Раззлаваныя светлагорцы не толькі спынілі ліхача, але і збілі яго так, што мужчына не мог нават перасоўвацца.
Такую "выхаваўчую" меру, як кажа старшы следчы Светлагорскага раённага аддзялення Следчага камітэта Вольга Русакова, пацярпелы палічыў празмерным. Ён напісаў заяву ў міліцыю на сваіх крыўдзіцеляў. Цяпер праваахоўнікі высвятляюць дэталі падзеяў, а таксама ступень цялесных пашкоджанняў, нанесеных правапарушальніку.
Фота: omskregion.info