П'яны работнік аўтамыйні ездзіў па Мінску на БМВ кліента
На вуліцы Харужай інспектары ДАІ Савецкага раёна Мінска спынілі ўначы БМВ, які рухаўся без уключанага блізкага святла фараў. За рулём аўтамабіля быў 23-гадовы малады чалавек, на выгляд нецвярозы. Медагляд паказаў у яго 0,89 праміле алкаголю.
Пры праверцы дакументаў выявілася, што ў хлопца няма пасведчання кіроўцы. Не было ў яго і дакументаў на аўтамабіль. Кіроўца нават не змог патлумачыць, каму належыць аўто, адзначае прэс-служба сталічнай міліцыі.
Інспектары ДАІ даставілі ў пастарунак кіроўцу і пасажыра, які знаходзіўся ў аўтамабілі. Высветлілася, што кіроўца працуе на аўтамыйні. Аўтамабіль, на якім ён катаўся, належыць аднаму з кліентаў. Дарэчы, уладальнік аўто да таго часу паспеў ужо заявіць пра ўгон.