Рабочы з-за затрымкі заробку дабіўся ад завода кампенсацыю ў 13 мільёнаў

Рабочы магілёўскага завода “Строммашына” Сяргей Шыбека дабіўся ад прадпрыемства права на датэрміновае звальненне і кампенсацыю ў 13 мільёнаў рублёў. Скасаваць кантракт мужчына хацеў па ўласным жаданні, бо яму затрымлівалі заробак. Па дапамогу Сяргей Шыбека звярнуўся ў незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці.

“На яго заводзе наймальнік пастаянна парушаў працоўнае заканадаўства, калектыўную і працоўную дамовы. Людзям затрымлівалі выплату заробку і адпускных. Каля месяца мы змагаліся за правы рабочага. Было напісана восем скаргаў у разнастайныя дзяржаўныя інстанцыі. У выніку, у дасудовым парадку была задаволена заява Сяргея аб скасаванні працоўнай дамовы да сканчэння яе тэрміну. У выніку ён атрымаў яшчэ ў дадатак і грашовую кампенсацыю”, — кажа юрыст незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Алена Барысава.

Кіраўніцтва завода прызнала ўсе парушэнні і без судовых разбіральніцтваў пагадзілася на звальненне. За парушэнне працоўнага кантракта Сяргей Шыбека атрымаў ад “Строммашыны” грашовую кампенсацыю ў памеры амаль 13 мільёнаў рублёў.

Алена Барысава адзначае, што пасля скаргаў былі праведзеныя праверкі, па выніках якіх шэраг прадстаўнікоў адміністрацыі завода аштрафаваныя. Сярод пакараных аказаліся дырэктар прадпрыемства, начальнік транспартнага цэха і загадчыца канцылярыі.

“За парушэнне працоўнага заканадаўства да адміністрацыі былі ўжыты разнастайныя штрафныя санкцыі. Тым не менш, нягледзячы на гэта, адміністрацыя завода працягвае парушаць працоўнае заканадаўства, і людзям затрымліваюць выдачу заробку ў сярэднім да сямі дзён”, — кажа Алена Барысава.

Тым часам рабочыя, натхнёныя станоўчым прыкладам звальнення іх калегі, пацягнуліся па юрыдычную дапамогу. Пасля Сяргея Шыбекі ў незалежны прафсаюз РЭП звярнуліся яшчэ тры чалавекі, якія хочуць звольніцца і атрымаць кампенсацыю за парушэнне ўмоваў працы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі