Работнікі "Камунаркі" кажуць пра звальненні і звязваюць іх з "суткамі"
Работнікі кандытарскай фабрыкі "Камунарка" кажуць, што людзей на прадпрыемстве звальняюць па палітычных прычынах. Сысці па пагадненні бакоў прапаноўваюць тым, каго затрымлівалі ў 2020-м або садзілі на "суткі". Калі хтосьці адмаўляецца скасоўваць кантракт, яму пагражаюць звальненнем па артыкуле.
У каментары TUT.by адна з былых супрацоўніц "Камунаркі" кажа, што звальненні ідуць невялікімі партыямі. Саму яе, сцвярджае жанчына, звольнілі з-за прыцягнення па адміністрацыйным артыкуле. "Хоць да гэтага кіраўніцтва лаяльна ставілася: прыходзілі лісты на прадпрыемствы — праводзілі прафгутарку, пад подпіс папярэджвалі пра несанкцыянаванае масаваеым мерапрыемства і адсылалі адказ з характарыстыкай", — распавядае яна.
Як мінімум яшчэ трое работнікаў, з якімі пагутарылі журналісты, заяўляюць, што ім прапанавалі звольніцца, бо былі пытанні з боку сілавікоў.
У цукеркава-шакаладным цэху кажуць, што там звольнілі двух аператараў, прычым адзін выконваў адказную працу, "на якую не возьмеш чалавека з вуліцы". Таксама, кажуць работнікі, адміністрацыя не працягвае кантракты з тымі, хто выйшаў з афіцыйнага прафсаюза.
Работнік з 17-гадовым стажам працы на "Камунарцы" кажа, што яго звольнілі за прагул, хаця ён у той час адбываў адміністрацыйны арышт у Жодзіне. Мужчыну затрымалі 22 сакавіка, на наступны дзень прысудзілі 15 сутак арышту па артыкуле 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі). На волю ён выйшаў увечары 6 красавіка, а зранку 7-га прыйшоў на працу — там і даведаўся, што напярэдадні яго звольнілі.
Па розных звестках, на "Камунарцы" за апошнія два тыдні звольнілі ад 10 да больш як 20 чалавек.
Намесніца гендырэктара па якасці "Камунаркі" Вольга Царова, якая таксама курыруе пытанні ідэалогіі, заяўляе, што нічога надзвычайнага на прадпрыемстве не адбываецца: "Калі ёсць сапраўды нейкая інфармацыя пра людзей, якія, можа быць, вам скардзяцца, дайце нам тады гэтую інфармацыю, мы таксама тады будзем рэагаваць. Я б не сказала, што ў нас нейкая сітуацыя існуе. Звычайная, як заўсёды. Людзі прыходзяць і сыходзяць. Нічога неардынарнага ў нас няма".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.