Рада па маральнасці адмяніла спектакль "Каханкі майго мужа"
Афіша спектакля "Каханкі майго мужа"
Так званая Рада па маральнасці, сузаснавальнікам якой з'яўляецца мітрапаліт Веніямін, адмяніла ў Мінску камедыйны спектакль "Каханкі майго мужа", піша праект "Позірк".
Сямейная камедыя з пазнакай "16+" з'явілася на беларускай сцэне ў 2012 годзе ў межах тэатральнага праекта COMEDY-ART. Твор пастаўлены рэжысёрам Антонам Крайко па п'есе драматурга Анатоля Дзялендзіка. За гэты час спектакль аб'ехаў усе беларускія гарады і збіраў аншлагі. Магчыма, праз свой сюжэт?
Спектакль расказвае гісторыю сямейнай пары, у якой не ўсё добра. Муж-архітэктар абзаводзіцца адразу трыма палюбоўніцамі. Усе яны — паспяховыя ў працы, кар'еры і бізнесе, але не шчаслівыя ў сямейным жыцці. Аднак разам з жонкай Георгія — актрысай Аленай — яны ладзяць мужчыну сапраўднае выпрабаванне. У спектаклі шмат, гумару, музыкі, танцаў. Дык што ж не спадабалася галоўным праўладным маралістам?
"Неабходна паказваць на спакусы, якія здольныя пашкодзіць неакрэплыя душы падрастаючага пакалення, а, калі трэба, і агароджваць ад іх", — патлумачыў рашэнне адмены спектакля кіраўнік БПЦ падкрэсліўшы, такое адбываецца ўпершыню.
У Грамадскую раду па маральнасці апроч Веніяміна ўваходзяць гендырэктарка Вялікага тэатра Кацярына Дулава, кіраўнік прадзяржаўнага Саюза пісьменнікаў Аляксандр Карлюкевіч і іншыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.