Радзівілы перадалі ў Нясвіжскі замак славуты абраз Божай Маці (фота)

Абраз, які знайшоў у 1683 годзе кароль Ян Сабескі, памятае Радзівіла Рыбаньку і Пане Каханку… У Нясвіж вярнуўся не арыгінал, але якасная копія – так некалі рабілі і самі Радзівілы… Перад вайной Радзівілы паспелі вывезці абраз у Варшаву, пакінуўшы ў замку копію-гравюру. І вось цяпер Божая Маці вярнулася ў капліцу, і зноў у выглядзе копіі. Падчас свайго неафіцыйнага візіту князі Радзівілы зрабілі княжаскі падарунак – славуты абраз Божай Маці, які вядомы з 1683 года, а ў замку захоўваўся з 1740, з пары Радзівіла Рыбанькі. Кажа намесніца дырэктара музея-запаведніка “Нясвіж” Галіна Кандрацьева.

Галіна Кандрацьева: “У гэты раз яны прывезлі цудоўны падарунак для замкавай капліцы. На канферэнцыі, якая адбылася ў кастрычніку мінулага года, Мацей і Мікалай Радзівілы падаравалі нам лічбавую копію іконы Найсвяцейшай Панны Марыі, якая знаходзілася ў замкавай капліцы. А ў гэты раз яны прывезлі цудоўную жывапісную копію, выкананую алеем на палатне. Мы разумеем цудоўна, што палац – гэта не тое месца, дзе могуць экспанавацца рэпрадукцыі. Таму вось гэты падарунак – ён для нас вельмі значны. І зараз мы працуем над тым, каб тыя рэпрадукцыі, якія мы атрымалі з польскага боку ў мінулым годзе, таксама выканаць алеем на палатне. Зноў-такі Мацей Радзівіл узяўся нам дапамагчы ў гэтым. Таму што, каб атрымаць лічбавыя здымкі партрэтаў з Польшчы, неабходна дамовіцца з музеем і праплаціць дастаткова вялікія грошы. І Мацей сказаў, што ён нам у гэтым дапаможа".

Магістр мастацтвазнаўства Сяргей Харэўскі кажа, што абраз мае вельмі цікавую і складаную гісторыю. Спадар Сяргей лічыць невялікаю бядою, што ў замак вярнулася копія, а не арыгінал.

Сяргей Харэўскі: “Той абраз, які знаходзіўся ў замкавай капліцы перад вайной, таксама быў копіяй. Напярэдадні вайны Радзівілы, зважаючы на тое, што Нясвіж знаходзіўся блізка ад мяжы з Савецкім Саюзам, перавезлі яго ў Варшаву. Сам абраз мае вельмі цікавую гісторыю. Паводле падання, яго знайшоў цудоўным чынам кароль Ян Сабескі, у 1683 годзе, падчас вайны з туркамі. Гэты абраз уяўляе сабой выяву Маці Божай з Ларэта. Ян Сабескі прывёз яго дахаты, пасля ён быў змешчаны ў Жоўкве. Пасля смерці Яна Сабескага Радзівілам дасталася яго спадчына, бо бабка Радзівіла Рыбанькі належала да роду Сабескіх – Кацярына Сабеская. І вось гэты абраз трапіў у Нясвіж. Доўгі час ён знаходзіўся ва ўязной браме, а пасля быў змешчаны ў адмысловую капліцу. Уся гэтая гісторыя адбылася ў 1740 годзе, з таго часу ён быў у Нясвіжы і вельмі шанаваўся Радзівіламі”.

Перадача абраза Божай Маці – не першы падарунак сучасных Радзівілаў Нясвіжу. У мінулым годзе князь Мацей прывёз дзве гравюры XVIІ стагоддзя, а таксама 162 копіі славутых гравюр Ляйбовіча. У планах князя Мацея – нават перадаць у замак на дэпазіт частку сваёй калекцыі радзівілаўскіх артэфактаў.

Галіна Кандрацьева: “Мацей Радзівіл у гэты раз нам прапанаваў сам на дэпазіт асобныя рэчы, якія належалі розным Радзівілам, для музейнай экспазіцыі. Гэта і пячаткі з выявамі гербу Радзівілаў, гэта і дуэльныя пісталеты, якія належалі аднаму з апошніх ардынатаў Нясвіжскага палаца”.

[Image]
Па прыездзе ў Нясвіж князі Радзівілы найперш спусціліся у крыпту касцёла Божага Цела, дзе пахаваныя іх славутыя продкі

[Image]
Абраз сімвалічна на некалькі хвілін паставілі ў алтар

[Image]
Так выглядае копія

[Image]
У замку адбылася ўрачыстая перадача абраза дырэктару музея-запаведніка "Нясвіж" Валерыю Сталярчуку

[Image]
Здымак на памяць: Мацей Радзівіл, Валерый Сталярчук, Мікалай Радзівіл

[Image]
Выгляд замкавай капліцы ў 1920-х гадах

[Image]
Абраз знаходзіўся ў алтары

[Image]
Гравюра, выкананая з абраза перад вайной

[Image]

Пахаванне Альбрэхта Радзівіла, абраз стаіць у галаве нябожчыка. Студзень 1936 года

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі