Рахункі прадпрыемства заблакаваныя, пералічыць дэкрэтныя немагчыма
Гісторыя маладой спецыялісткі, якую пераводзілі на трохдзёнку пад пагрозай звальнення, працягваецца. Запазычанасці па заробку ў некалі буйным праектным інстытуце сталіцы дагэтуль не ліквідавалі. А цяпер яшчэ і не выплачваюць дапамогу па цяжарнасці і родах — аднаразовая выплата адразу па выхадзе ў дэкрэт.
“Па дакументах гэта бальнічны, які выплачваецца прадпрыемствам, — тлумачаць нам працэдуру выплаты ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва. — Грошы мы ім не вяртаем, але гэта ідзе ў лік выплаты страхавых унёскаў. То бок прадпрыемства, калі выплачвае заробак, пераводзіць ў Фонд страхавыя ўнёскі. І вось на гэтую суму бальнічнага ліста яны заплацяць страхавых унёскаў менш”.
Атрымліваецца, што інстытут фінансава нічога не страчвае. Па словах Дар’і, за грошы дапамогі яна планавала набыць дзіцячую калыску і ложак. Але цэны на гэтыя рэчы прывязаныя да валютнага курсу, бо гэта імпартны тавар. За месяц чакання грошай беларускі рубель патаннеў на 25%, адпаведна, цяпер дзяўчыне давядзецца шукаць таннейшыя тавары. Але гэтую сітуацыю ўжо не выправіш, а вось паспрабаваць як мага хутчэй атрымаць дапамогу можна.
“Існуе два варыянты, калі ФСАН дапамагае выплаціць гэту дапамогу, — тлумачыць кіраўніца аддзела сацыяльнага страхавання ФСАН Мінска Ларыса Капыльская. — Калі сума страхавых унёскаў меншая, чым сума дапамогі, напрыклад, калі арганізацыя невялікая і ў ёй мала супрацоўнікаў. А таксама калі заробкі выплачваюцца несвоечасова, з затрымкай на месяц і больш. У гэтых выпадках не работнік, а наймальнік мусіць звяртацца ў органы Фонду. Там прымаюць заяўку, правяраюць і пераводзяць неабходныя для выплаты грошы ў арганізацыю”.
Прычым гэтае пытанне вырашаецца цягам пяці дзён. Чаму кіраўніца праектнага інстытута не скарысталася такой магчымасцю — незразумела. Па словах Дар’і, тлумачыцца гэта тым, што ФСАН будзе некалькі месяцаў правяраць арганізацыю, і выплата грошай моцна зацягнецца. А цяпер інстытут знаходзіцца ў стадыі зліцця з іншым прадпрыемствам. Заробкі выплачваюцца са шматмесячнай адтэрміноўкай і не ў поўным аб’ёме. Адпаведна, усе рахункі заблакаваныя, і проста фізічна немагчыма пералічыць грошы дзяўчыне.
“Калі арганізацыя ў стадыі ліквідацыі, у яе арыштаваныя рахункі і ёсць іншыя розныя прычыны, з якіх немагчымая выплата дапамогі, то пры абласных і мінскім упраўленні Фонду існуе камісія па прызначэнні дапамогі, — працягвае Ларыса Капыльская. — Яна таксама ў кароткія тэрміны разглядае магчымасць прымацаваць гэтую дапамогу да месца працы мужа жанчыны. Ці, калі атрымальнік — адзінокая маці, то да органаў па працы і занятасці насельніцтва”.
Датычыцца гэта не толькі аднаразовых выплат па факту сыходу ў дэкрэт і нараджэння дзіцяці, а таксама штомесячных дэкрэтных дапамогаў. Натуральна, можна звяртацца і ў суд, але практыка паказвае, што ў выніку прадпрыемствы ўсё роўна не выконваюць судовыя пастанаўленні, і жанчыны зноў звяртаюцца ў ФСАН.
Пакуль пісаўся гэты матэрыял, інспектар раённага аддзела ФСАН, да якога прымацаваны праектны інстытут, звязаўся з яго дырэктарам, і той, адмовіўшыся ад датацый фонду, паабяцаў, што грошы Дар’я атрымае да 5 кастрычніка. Пытанне, чаму нельга было зрабіць гэта адразу, застаецца. Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём падзеяў.