Рашэнне пра візіт у Мінск Аланда і Меркель прымуць пасля перамоваў
На дадзены момант дакладна не вядома, ці наведаюць сёння Беларусь кіраўнікі Францыі і Германіі.
Рашэнне пра тое, ці прыедуць у Мінск прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і канцлер Германіі Ангела Меркель, будзе прынятае пасля іх тэлефонных перамоваў у сераду раніцай. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Францыі Ларан Фабіус у жывым эфіры радыёстанцыі France Inter.
Паводле Фабіуса, перамовы будуць вельмі складанымі, бо “неабходна пазбегнуць вайны ў Еўропе”. Удзельнікі перамоваў павінны падпісаць дакумент, які сапраўды будзе выконвацца.
Таксама кіраўнік МЗС Францыі падкрэсліў, што рашэнне ўкраінскага крызісу павінна быць палітычным, а “пастаўкі ўзбраення не ўваходзяць у планы Францыі”, піша TUT.by
Саміт “нармандскай чацвёркі” запланаваны на 11 лютага ў Мінску. Ён можа стаць кульмінацыяй напружаных шматбаковых намаганняў у пошуку вырашэння ўкраінскага крызісу. У беларускую сталіцу павінны прыехаць прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, а таксам канцлер Германіі Ангела Меркель.
У нядзелю Аланд і Меркель наведалі Маскву і сустрэліся з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным. Перад гэтым візітам яны пабывалі ў Кіеве і правялі перамовы з украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам.
Сёння ж у Мінску павінна працягнуцца праца трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны. Удзельнікі групы прыбылі ўчора ўвечары і правялі першае паседжанне. У беларускую сталіцу прыляцелі: экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, спецыяльны прадстаўнік па гуманітарных пытаннях, кіраўнік грамадскай арганізацыі "Украінскі выбар" Віктар Медвядчук, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, спецпрадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, прадстаўнікі самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дэйнега. Мерапрыемства прайшло ў комплексе "Дыпсэрвіс Хол" у Вайсковым завулку.
МЗС Беларусі пацвярджае, што новае паседжанне кантактнай групы плануецца сёння, аднак дакладны час мерапрыемства пакуль не вызначаны, інфармуе РИА Новости.