Расія можа дазволіць пастаўку прадукцыі двух беларускіх прадпрыемстваў

Расія можа неўзабаве дазволіць пастаўку прадукцыі двух беларускіх прадпрыемстваў. Але да астатніх вытворцаў, у прадукцыі якіх нашы суседзі знайшлі геном афрыканскай чумы свіней, сальманелу, антыбіётыкі, могуць быць выстаўленыя больш жорсткія патрабаванні.

Пра гэта паведаміў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт. Па яго словах, беларускі бок не прадставіў поўны пакет дакументаў аб ліквідацыі парушэнняў.

“Толькі на 9-ці прадпрыемствах былі пададзеныя нейкія дакументы, якія не з’яўляюцца поўнымі”, Данкверт заўважыў, што забарона можа быць знятая толькі з тых прадпрыемстваў, якія поўнасцю працуюць на беларускай сыравіне і маюць высокі ўзровень маніторынгу бяспекі.

Таксама кіраўнік Рассельгаснагляду раскрытыкаваў беларускія метады праверкі бяспекі прадукцыі.

Праблемы з пастаўкай у Расію беларускіх тавараў 23 прадпрыемстваў, у прыватнасці, мясной і малочнай прадукцыі, пачаліся ў канцы лістапада.

Рассельгаснагляд спачатку абвінаваціў Мінск у рээкспарце прадуктаў з краін ЕС. А потым забараніў увоз беларускіх мясных і малочных прадуктаў. Афіцыйнай прычынай названыя быццам бы знойдзеныя ў прадуктах антыбіётыкі, а таксама сальманела ды кішэчная палачка.

Перамовы ў Расіі 26 лістапада не далі плёну і працягнуліся ў Беларусі 2 снежня.

“Крычалі нешта там, абмяркоўвалі. Я была ў міністэрстве да 9-й вечара, і яшчэ сядзелі. А сёння з ранку пайшлі да прэзідэнта на пасяджэнне”, — кажа Еўрарадыё крыніца ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі.

На пасяджэнні, прысвечаным захадам, прынятым па зняцці забароны беларускіх прадуктаў у Расію, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што такім крокам Расія пайшла на парушэнне ўсіх дамоўленасцей у Мытным саюзе.

“Узнікае пытанне: чаму гэта адбылося? Рознага роду жуллё, якое круціцца ў Расіі, хоча нагрэць рукі на расійскім рынку за кошт вялікіх цэн. Пастаўка ж беларускіх прадуктаў значна стрымлівае рост цэн ў РФ, а гэта, мы ведаем, каму не на руку. Але гэта іх праблема”, — кажа Лукашэнка і дадае, што беларускую прадукцыю ведаюць у Расіі. 

Кіраўнік Беларусі выказвае незадаволенасць дзеяннямі ўрада ў прадуктовым беларуска-расійскім канфлікце. А таксама абвяргае абвінавачванні наконт якасці беларускай прадукцыі.

За сітуацыяй сочаць як у Беларусі, так і ў Расіі. Бо кожны дзень чакання — гэта ў маштабах краіны страты ў памеры 100 мільёнаў долараў!

Пасля нарады ў Лукашэнкі стала вядома, што Рассельгаснагляд, магчыма, адменіць забарону на ўвоз беларускіх прадуктаў у адносінах да двух прадпрыемстваў. Але на пэўных умовах. Астатнія прадпрыемствы чакаюць яшчэ больш жорсткія ўмовы.

 “Усе нашы (прадстаўнікі ўрада — заўвага Еўрарадыё) збіраюцца заўтра ў Маскву, каб абмеркаваць гэтыя ўмовы. Але невядома, якія менавіта прадпрыемствы адкрыюць і якія будуць умовы”, — распавялі Еўрарадыё ў прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі