Расія праігнаравала прапановы Аляксандра Лукашэнкі

Пасля абмежавання паставак малака, прыйшла чарга беларускіх трактароў і камбайнаў З 6 чэрвеня Расспажыўнагляд забараніў увоз у Расію амаль 500 відаў беларускай малочнай прадукцыі. Галоўны дзяржаўны ўрач Расійскай федэрацыі Генадзь Анішчанка патлумачыў гэтае рашэнне тым, што беларускія вытворцы не перааформілі дазвольную дакументацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту, якія набылі моц яшчэ ў канцы 2008 года.

Пра малочную прадукцыю "мёртвую" і "жывую"

У СМІ пачалі актыўна абмяркоўваць тэму расійска-беларускай “малочнай вайны”. Прызідэнт расійскага фонда "Палітыка" Вячаслаў Ніканаў у інтэрв'ю "Интерфаксу" выказаў меркаванне, што мы сталі сведкамі ўвядзення Расіяй "эканамічных санкцый" у адносінах Беларусі.

У Мінску вырашылі супакоіць грамадзян. Віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза ў суботу заявіў, што ніякай “гандлёвай вайны” паміж Беларуссю і Расіяй няма. Паводле яго версіі, дакументы беларускімі вытворцамі не афармляліся на пэўныя віды прадукцыі, якія не плануецца пастаўляць у Расію альбо “вядзецца іх мадэрнізацыя”. А вось на іншыя віды прадукцыі дазвол на пастаўкі ёсць, сцвярджае Бамбіза.

“Такім чынам, забароны як такой няма. Гаворка ідзе аб прызнанні несапраўднымі раней выдадзеных дакументаў”, — падвёў вынік пад сказаным віцэ-прэм’ер. Яго падтрымала намесніца міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Валянціна Качан. “Тая беларуская прадукцыя, якая пастаўляецца ў Расію, практычна ўся прайшла перарэгістрацыю. А згаданыя 500 відаў прадукцыі — гэта “мёртвая” прадукцыя, якая практычна не экспартуецца ў Расію”, — цытуе словы Валянціны Качан БЕЛТА.

Аднак высвятляецца, што не ўсе гэтыя віды прадукцыі “мёртвыя”. Той жа Іван Бамбіза прызнаў, што некаторыя прадпрыемствы сапраўды не аформілі дакументы ў тэрмін і паабяцаў разабрацца ў сітуацыі.


Расіяне "пішчаць" не хочуць

Адзначым, што яшчэ 5 чэрвеня расійскі прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін падчас нарады па пытаннях мадэрнізацыі галінаў АПК заявіў, што Беларусі неабходна выбудаваць з Расіяй адзіную сістэму рэгулявання і выдачы датацый у сельскай гаспадарцы.

Ён нагадаў, што на цяперашні час у Беларусі датацыі атрымліваюць каля 24% вытворцаў у малочнай галіне, а ў Расіі гэты паказчык складае толькі 3%. "Я сказаў беларусам, што калі вы будзеце карыстацца вашымі прывілеямі і датацыямі, то мы будзем вымушаныя вашую прадукцыю закрыць", — заявіў Пуцін. Паводле яго слоў, рэакцыя беларускага кіраўніцтва "ў цэлым станоўчая, і яны гатовыя выпрацаваць адзіныя падыходы". "Але я ўжо ведаю, у якім рэжыме гэтыя падыходы выпрацоўваюцца — гэта можа быць вельмі доўга", — заўважыў расійскі прэм'ер.

"І я даў ужо ўказанне мытнай службе — сфармуляваць прапановы па стварэнню неабходных умоваў для вядзення перамоваў", — цытуе словы Ўладзіміра Пуціна ИТАР-ТАСС. Ён заўважыў, што калі Беларусь і Расія "збіраюцца ствараць адзіную эканамічную прастору, дык яна мусіць працаваць па адзіных правілах".

Як паведамляе БелаПАН, прэм'ера актыўна падтрымаў губернатар Белгародскай вобласці Яўген Саўчанка. Ён падкрэсліў, што імпарт цэльнага малака з Беларусі ў Расію складае 2 млн тон за год. "Беларусь сёння знішчае нашу малочную галіну. Можа быць, гэта робіцца мэтанакіравана", — такое меркаванне выказаў ён. Але Пуцін "згладзіў сітуацыю": "Гэта, вядома, робіцца не мэтанакіравана… Я пра гэта [датацыі] Аляксандру Рыгоравічу сказаў. Ён чалавек арыгінальны, адказ у яго быў такі: “Няхай вашы не пішчаць, няхай зніжаюць выдаткі”.


Схема Лукашэнкі

Больш падрабязна гэтую сваю прапанову Аляксандр Рыгоравіч агучыў 1 чэрвеня ў інтэрв’ю шэрагу расійскіх СМІ (надрукаванае яно было якраз 5 чэрвеня ў дзень выступу Пуціна):

“Расія сёння закрыла рынак для беларускіх тавараў. І знайшлі матывацыю, што, маўляў, мы падтрымліваем сельскую гаспадарку Беларусі, таму ў нас нізкія кошты. Так падтрымлівайце і вы сельскую гаспадарку ў Расіі! Калі вы баіцеся, што мы разбурым ваш рынак таннымі прадуктамі, давайце створым сумесную кампанію, праз якую будзем пастаўляць усе мясныя і малочныя прадукты.

Мне кажуць: таваравытворцы ціснуць, Беларусь дэмпінгуе па коштах. Ды кіньце, якія таваравытворцы? Я вам проста як эканаміст пакажу сітуацыю. Колькі ў вас малако каштуе? Дапусцім, 10 рублёў. Гэта ад каровы да прылаўка. У вас селянін у гэтай цане ў 10 рублях атрымлівае 20 адсоткаў. У нас селянін з 5 рублёў атрымлівае 45-50 адсоткаў. Зрабіце так — і не трэба больш аніякай падтрымкі. Сяляне будуць трымаць кароў, даіць, быкоў адкормліваць. У вас жа ўсё перавернута наадварот”.

Падчас гутаркі кіраўнік Беларусі намаляваў і схему, каб наглядна паказаць сітуацыю (гл. фота).


Справа ў палітыцы, а не ў бактэрыях


"Расію раздражняе, што Беларусь падтрымлівае ўласных сельгасвытворцаў на атрыманыя ў Расіі ж датацыі. Між тым фінансавы стан самой Расіі падкасіла падзенне цэнаў на нафту. Аднак за ўведзенымі "малочнымі санкцыямі" праглядаюцца і палітычныя матывы", — піша газета "Наша ніва". Выданне мяркуе, што эканамічная экспансія Расіі сутыкнулася з "процідзеяннем гаспадарнікаў і адміністрацыйнага апарату Беларусі".

Таму не дзіўна, што заявы расійскіх міністраў па "беларускім пытанні" з'яўляюцца адна за другой. 5 чэрвеня ў Пецярбурзе віцэ-прэм'ер Аляксей Кудрын абвесціў, што Масква лічыць "немэтазгоднымі" перамовы пра наданне Беларусі пазыкі на 100 мільярдаў расійскіх рублёў. Адначасова ён паведаміў, што не адракаецца перамоваў аб выдзяленні раней паабяцанага крэдыту на 500 млн долараў. А на наступны дзень Кудрын публічна прапанаваў Мінфіну Расіі "сур'ёзна зірнуць на мэтазгоднасць пераходу на адзіную валюту з Рэспублікай Беларусь у сувязі з нявызначанасцю дзеянняў беларускага ўраду".


Дамаўляцца давядзецца, толькі невядома, якім коштам

”Вастрыня такая, што Расія можа згубіць Беларусь, а Беларусь можа згубіць Расію”, — сказаў у нядаўнім інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка. А ці ёсць ў Беларусі альтэрнатыва расійскаму рынку?

3 чэрвеня “Интерфакс-Запад” са спасылкай на Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі паведаміў, што наша краіна “спадзяецца на прадстаўленне ёй права экспарту малочнай прадукцыі на рынак Еўрасаюза ў бягучым годзе”. Ужо былі праведзеныя праверкі трох беларускіх прадпрыемстваў і цяпер чакаецца адпаведнае рашэнне Еўрапарламента. Пра тое, як яно шмат значыць, гаворыць той факт, што беларускія ўлады звярнуліся да міністэрстваў сельскіх гаспадарак Польшчы і Літвы з просьбай падтрымаць Беларусь падчас прыняцця рашэння Еўрапарламентам аб допуску беларускай малочнай прадукцыі на еўрапейскі рынак.

Але гэта толькі перспектыва, Беларусі ж патрэбнае тэрміновае вырашэнне праблемы, з-за якой дзяржава нясе вялікія страты. Таму, як паведамляе “Коммерсант”, ужо ў аўторак у Маскву едуць прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. Разам з прадстаўнікамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання паедзе ў расійскую сталіцу і галоўная санітарная доктарка Валянціна Качан.

Тым часам у Расіі ўздымаецца тэма “змагання” з беларускай сельгастэхнікай. У нядзелю кіраўнік Рассельгасбанку Юрый Трушын заявіў, што яго банк не плануе крэдытаваць набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі з Беларусі і спаслаўся на прадпісанне Ўладзіміра Пуціна. РИА “Новости” нагадвае, што гэтае пытанне абмяркоўвалася падчас нядаўняга візіту Пуціна ў Мінск. Беларускі бок прапанаваў субсідаваць дзве траціны ставак па крэдытах пры набыцці расійскімі арганізацыямі сельгастэхнікі беларускіх вытворцаў, аднак прапанова не была прынятая.

Верагодна, атакі рыхтуюцца і на іншых “франтах”. Нядаўна сайт Interfax-Russia.ru апублікаваў аналітычны артыкул пра “экспансію беларускіх камбайнаў”. Нібыта, “стальныя траянскія кані з Беларусі спрабуюць выцясніць данскіх і краснаярскіх пабрацімаў з шырокіх расійскіх прастораў”. І пры гэтым адзначаецца, што беларусы актыўна абараняюць ад расійскіх вытворцаў свой рынак і ўжо год цягнуць з закупкай 200 камбайнаў "Ростсельмаша".

Фота — ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі