Расійскага апазіцыянера Уладзіміра Кара-Мурзу прысудзілі да 25 гадоў зняволення

Уладзімір Кара-Мурза / ТАСС
Уладзімір Кара-Мурза / ТАСС

Масгарсуд прысудзіў расійскага апазіцыянера Уладзіміра Кара-Мурзу да 25 гадоў калоніі, паведамляе "Медиазона". Менавіта такі тэрмін прасіў для яго бок абвінавачвання. 
Кара-Мурзу абвінавачвалі ў дзяржаўнай здрадзе (за гэта далі 18 гадоў), а таксама ў распаўсюдзе фэйкаў пра расійскае войска (яшчэ 7 гадоў). Палітык выступаў супраць вайны, якую распачала Расія супраць Украіны. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, матэрыялы крымінальнай справы былі засакрэчаныя.

Калі суддзя абвясціў прысуд, Кара-Мурза адрэагаваў на яго словамі: "Расія будзе свабоднай, перадайце ўсім!" Пра гэта піша рэсурс "Осторожно, новости". Паводле адвакатаў, за час знаходжання ў зняволенні палітык схуднеў больш чым на 20 кілаграмаў. Акрамя таго, у яго развіліся захворванні, з якімі яго нельга трымаць пад вартай.

Уладзіміру Кара-Мурзу 41 год. Раней ён узначальваў раду "Фонду Барыса Нямцова за свабоду", працаваў на радыёстанцыі "Эхо Москвы". У 2015 годзе яго спрабавалі атруціць. Ён казаў, што гэта была помста за яго апазіцыйную дзейнасць, у прыватнасці, за лабіраванне на Захадзе санкцый супраць расійскіх чыноўнікаў у сувязі з забойствам адваката Магніцкага, забойствам Барыса Нямцова і далучэннем Крыма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі