Расійская касмічная ракета “Пратон” згарэла адразу пасля старту

Расійская ракета “Пратон”, якая стартавала ў суботу з касмадрому Байканур у Казахстане,  згарэла з-за сур’ёзных непаладак неўзабаве пасля запуску. Аварыя адбылася на вышыні 161 км — ракета дарэшты згарэла ў атмасферы, падзення абломкаў не зафіксавана, паведамляюць у Роскосмасе.

“Пратон” павінен быў вывесці на арбіту мексіканскі спадарожнік сувязі. Папярэдняя прычына аварыі — адмова рулявых рухавікоў трэцяй ступені. Спадарожнік страчаны, а далейшыя запускі ракеты-носьбіта прыпыняць да высвятлення прычын аварыі.

Ракета “Пратон” выпускаецца з 1965 года і за гэты час здзейсніла болей за 400 запускаў.

Сёння ж раніцай у расійскай касмічнай галіне адбылося яшчэ адно здарэнне: не ўключыліся своечасова рухавікі ў прыстыкаванага да міжнароднай касмічнай станцыі грузавіка “Прагрэс М-26М”, з-за чаго не адбылося запланаванай карэкцыі арбіты МКС.

Раней у траўні згарэў у шчыльных слаях атмасферы такі самы касмічны грузавік, які павінен быў даставіць на МКС паліва, кісларод і ваду. Пасля запуска Цэнтр кіравання палётаў згубіў з ім сувязь, апарат стаў некіравана кружыцца вакол сваёй восі.

Пачынаючы з 2010 года, сем запускаў расійскіх ракет-носьбітаў скончыліся аварыямі, паведамляе ВВС.

Адметна, што роўна год таму, 16 траўня 2014 года, яшчэ адна ракета “Пратон” згарэла разам з расійскім спадарожнікам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі