Расійская вакцына беларускай вытворчасці можа з'явіцца да пачатку сакавіка
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч / БЕЛТА
Расійскую вакцыну беларускай вытворчасці ў Міністэрстве аховы здароўя разлічваюць атрымаць ужо ў першым квартале 2021 года.
"Я думаю, канец лютага — пачатак сакавіка", — сказаў міністр Дзмітрый Піневіч у адказ на пытанне, калі на прадпрыемстве "Белмедпрэпараты" пачнуць вытворчасць вакцыны ад каранавіруснай інфекцыі. Словы Піневіча прыводзіць БелТА
Што датычыцца аб'ёмаў, то, паводле слоў міністра ,"гэта будзе вылічацца сотнямі тысяч".
У аўторак 29 снежня ў Беларусь прыбыла першая партыя расійскай вакцыны "Спутник" і пачалася масавая вакцынацыя беларусаў. Піневіч сказаў, што ў гэтую асенне-вясновую кампанію мяркуецца прышчапіць ад 1 мільёна 200 тысяч чалавек і вышэй.
Паводле слоў міністра, "першымі будуць вакцынаваныя медыцынскія работнікі, педагогі і тыя спецыялісты, якім у сілу асаблівасцей прафесіі даводзіцца шмат кантактаваць з людзьмі". Пры гэтым Піневіч дадаў, што вакцынацыя будзе праводзіцца ў добраахвотным парадку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.