Расійскі міністр прапанаваў забіраць машыны ў тых, хто перавозіць "санкцыёнку"

Аляксандр Ткачоў. Фота: "Коммерсантъ".
Аляксандр Ткачоў. Фота: "Коммерсантъ".

Міністр сельскай гаспадаркі РФ Аляксандр Ткачоў прапанаваў канфіскоўваць машыны ў тых, хто ўвозіць у Расію санкцыйныя тавары. "Сёння наша [расійская. — Еўрарадыё] заканадаўчая база і ў КаАП, і ў КК, натуральна, не дазваляе прыцягваць да адэкватнай адказнасці парушальнікаў закона, тых, хто ўвозіць "санкцыёнку". Фактычна прадпрымальнікі не баяцца гэтага рабіць.

Неабходна ўзмацніць адміністрацыйную адказнасць за ўвоз санкцыйнай прадукцыі, а таксама прадугледзець канфіскацыю не толькі самой прадукцыі, але і транспартных сродкаў, якія яе перавозяць", — заявіў міністр на нарадзе ў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Па словах Ткачова, аб'ёмы паставак санкцыйнай і забароненай прадукцыі ў Расію складаюць 700 тысяч тон у год на суму ў 700 мільёнаў долараў.

Пры гэтым чыноўніка прадказальна бянтэжыць рост паставак з Беларусі, які назіраецца ў 2017 годзе. Паводле яго словаў, яны выраслі ў тры разы:

"Уявіце сабе, імпарт бульбы з Беларусі ў 2016 годзе быў 40 тысяч, сёння — у тры разы вышэй, гэта значыць ён ужо 120 тысяч. Свежыя гародніна сёння 231 тысяча, а быў — 109 тысяч. Таматаў рост у паўтара разы, агуркоў — у два разы, капусты — у тры з паловай разы, морква і буракі — на 40 працэнтаў вырасла. То бок, пра што казаць?"

Ткачоў падазрае, што Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі спецыяльна закрывае сваю справаздачнасць ад расейскіх калегі, "для таго, каб мы [расіяне. — Еўрарадыё] не ведалі, па якіх прычынах — не ведаю. Гэта значыць, мы [расіяне. — Еўрарадыё] уводзім абмежаванні, санкцыі, зразумела, што гэтыя прадукты заходзяць праз Беларусь, праз несанкционные краіны. Зразумела, што Беларусь, напэўна, на гэтым нажываецца, напэўна, на гэтым атрымлівае звышпрыбыткі. Але мне здаецца, з гэтым трэба заканчваць, таму што гэта руйнуе наш [расійскі. — Еўрарадыё] унутраны рынак", — дадаў міністр сельскай гаспадаркі РФ.

Уладзімір Пуцін прапанову забіраць у кантрабандыстаў машыны праігнараваў. Па яго словах, самы эфектыўны спосаб барацьбы з "санкцыёнкой" — пашырэнне выкарыстання электронных сертыфікатаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі